Календарный план организационных мероприятий по подготовке и ...
 В 2024 году Городокский район отметит 100 лет со дня ...
В 2024 году знаменательным событием для всей Беларуси станет ...
Сёлета 19 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка
Глава государства Александр Лукашенко подписал Указ № 375 "Об ...

Гісторыя Гарадоцкага раёна

Упершыню Гарадок упамінаецца ў 1128 г. з нагоды ваеннага паходу Кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча ў Полацкую зямлю. У летапісах другой паловы ХIII ст. згадваецца «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з бітвай палачан з літоўскім войскам на чале з Мінгайлам, у ходзе якой Гарадок быў знішчаны. У 1551 г. ён упамінаецца ў «рэестры» сярэбшчыны з гарадоў ВКЛ.
У канцы ХVI ст. тут быў пабудаваны замак. У канцы 1570 г. упамінаецца Вялікі і Малы Гарадок. На пачатку ХVII ст. – мястэчка ў Віцебскім павеце тагож ваяводства ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. У першай палове ХVII ст. згадваецца праваслаўная Свята-Ільінская царква. Па некаторых звестках, Гарадок на той час меў герб – выяву льва на залатым полі.
У кнізе «Віцебшчына у легендах і паданнях» паданне аб Гарадку расказвае, як выратавала ад жабрадства і галоднай смерці сваіх бацькоў малодшая дачка Гануся, якая атрымала ад іх самы бедны пасаг. Пасялілася яна з бацькамі на лапінцы зямлі, і зрабіла гародчык. Неўзабаве да яе (Ганусі) жаніх пасватаўся, ды такі багаты... І сказаў: «Ды мы з вашага гародчыка сапраўдны гарадок зробім». Тую мясціну людзі з таго часу сталі Гарадком зваць.
На тэрыторыі Гарадоцкага раёна захавалася шмат помнікаў старажытнай гісторыі: стаянкі, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі, якія адносяцца да эпох каменнага і жалезнага вякоў, да сярэднявечнага перыяду. Зараз вядома больш за 60 пунктаў, каля якіх выяўлены археалагічныя помнікі.
Асаблівую цікавасць прадстаўляюць раннія гарадзішчы каля вёсак Буракова і Загорцы. Пры раскопках іх і на ўсіх іншых ранніх гарадзішчах, знойдзены рэшткі жалезаплавільных печаў і шлакі ад выплаўкі жалеза. У гарадзішчы каля вёскі Загорцы знойдзены рэшткі згарэўшага наземнага драўлянага жылля з каменнымі прымітыўнымі ачагамі на земляной падлозе і рэшткамі абвугленых зернеў пшаніцы. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць знаходкі на месцы жылля двух першабытнага тыпу каменных зернацёрак.
Знойдзена шмат костак хатніх і дзікіх жывёл. Жыхары гарадзішча, якія яшчэ не умелі выплаўляць жалеза, выраблялі розныя прылады (стрэлы, шылы, іголкі) галоўным чынам з касцей жывёл, з крэменю. У гэтым гарадзішчы знойдзены абломкі глінянага посуду з адбіткамі грубай тканіны, а таксама гліняныя прасліцы, у невялікай колькасці бронзавыя аздобы (кольцы, бляшка і інш.), якія вырабляліся на месцы з прывазнога з Прыбалтыкі сырцу.
Гарадзішча Буракова ніколі не мела абарончых збудаванняў у выглядзе валоў і равоў: яны былі скрыты ці поўнасцю засыпаны. Таму яго аднеслі да тыпу неўмацаваных гарадзішчаў. Вялікі навуковы інтарэс уяўляюць рэшткі ўскрытай на гарадзішчы жалезаапрацоўчай майстэрні слуповай канструкцыі.
Жыллё і гаспадарчыя пабудовы таксама мелі слупавую канструкцыю. Увесь посуд грубы па вырабу, слабага абпалу. Апрача таго, з гліны рабілі прасліцы - невялікія плоскія кружочкі з адтулінамі ў цэнтры, якія ужываліся для прадзення. Аб развіцці жывелагадоулі і палявання сведчаць знаходкі касцей ад хатняй і дзікай жывёлы. Вялікую ролю ў жыцці старажытнага насельніцтва адыгрывала і земляробства.
У наваколлі в. Дарахі ў радыусе 2-3км на паўднёвым беразе возера Сенніца даволі кампактна размяшчаюцца 11 курганных могілак, у якіх налічваецца да 150 курганоў. Ёсць некалькі адзінкавых насыпаў. На беразе возера знойдзны тры паселішчы.

Гарадоцкі павет у дарэвалюцыйны перыяд

Плошча Гарадоцкага павета у дарзвалюцыйны перыяд складала 3107,1 кв. вярсты, налічвалася 94 сельскія вобшчаствы, 1744 паселішчы, у склад яго ўваходзіла 21 воласць.
Насельніцтва абкладвалася шматлікімі падаткамі і выплатамі. Не ўсе маглі іх сваечасова ўносіць. Меліся нядоімкі. У 1886 годзе па павету яны складалі 26 514 руб. 47 кап., па гораду 2 518 руб. 54 кап.
Людзі неслі значныя матэрыяльныя страты ў выніку розных нясшчасных выпадкаў. У 1886 г. у павеце здарыліся 63 пажары, агонь знішчыў 138 двароў. У 1895 г. у выніку 73 пажараў у павеце згарэлі 96 дамоў, а ў 1905 г. ад агню пацярпелі 615 пабудоў. Абсалютная большасць насельніцтва жыла ў сельскай мясцовасці.
Пасля адмены прыгоннага права, развіваліся капіталістычныя адносіны. У паслярэформенны перыяд у памешчыцкіх маёнтках Віцебшчыны існавалі адработачнае і змешанае сістэмы гаспадарання. Пераважна паршае з іх. За арэнду ворнай зямлі, іншых угоддзяў сяляне са сваім інвентаром апрацоўвалі землі памешчыкаў. У многіх маёнтках адпрацоўкі спалучаліся з наёмнай працай.
У гэты час змянілася спецыялізацыя памешчыцкіх і сялянскіх гаспадарак. У 60-70-ыя гады дзевятнаццатага стагоддзя аддавалі перавагу вырошчванню збожжавых культур. У наступныя дзесяцігоддзі ў выніку сусветнага аграрнага крызісу рэзка знізіліся цэны на хлеб. Сельскія гаспадары пачалі скарачаць пасяўныя плошчы пад збожжавыя культуры і пашыралі вытворчасць бульбы і льну. Атрыманае валакно і семя ішлі на продаж і складалі галоўны прыбытак гаспадарак. Памешчыкі губерні пераходзілі да развіцця жывёлагадоўлі, арганізоўвалі малочную гаспадарку.
Узмацніўся працэс расслаення сялян. Сярод іх былі тыя, што куплялі зямлю, участкі розных памераў, нават да 1000 дзесяцін і больш. Гэта ўжо былі прадстаўнікі сельскай буржуазіі.
У 1877 годзе ў Гарадоцкім павеце прыватнаўласніцкія землі складалі 35,2%, надзельныя 45,8%, астатнія 19 % належылі дзяржаве, царкве і інш. Сяляне пакутвалі ад беззямелля і малазямелля. Ім прыходзілася арандаваць землі ў памешчыкаў за адробкі і грашовую плату. Адчувалася аграрная перанаселенасць. У канцы дзевятнаццатага стагоддзя лішак рабочых рук у павеце складаў 17950 чалавек. Насельніцтва займалася промысламі, адыходніцтвам, наймалася на працу да памешчыкаў і заможных селян. Асобныя жыхары вёсак адпраўляліся ў прамысловыя гарады Расіі, перасяляліся ў Сібір.
У паслярэформенны час развівалася рамесная вытворчасць. У першай палове 60-ых гадоў у Гарадку працавалі 215 майстроў, 114 рабочых і 61 вучань. Найбольш шматлікімі былі спецыяльнасці пекараў, мяснікоў, шаўцоў, краўцоў, гарбараў, кавалёў, ганчароў. Прамысловы пераварот прывёў да развіцця машыннай вытворчасці. Найбольшая колькасць фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў знаходзілася ў сельскай мясцовасці, была набліжана да пераапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны. У 1862 годзе ў Гарадку існавалі 3 фабрыкы і завода, у павеце – 11 фабрык і заводаў, а ў 1896 г. – 10 і 44 адпаведна. За 30 гадоў адбыўся рост іх колькасці ў Гарадку ў 3, у межах павета – у 4 разы.
Гэта былі мылаварныя, гарбарныя, вінакурныя, мукамольныя, цагляныя прадпрыемствы; з’явілася вытворчасць сінельнанабойных тканін і сельтэрскай вады. Буйнейшым па ліку рабочых і вырабляемай прадукцыі заставаўся шклозавод «Ноўка». Астатнія фабрыкі і заводы з’яўляліся дробнымі, на іх працавалі 1-2 рабочых. Уладальнікамі дробных прадпрыемстваў з’яўляліся дваране і заможныя сяляне, у горадзе – мяшчане, у большасці сваёй з ліку яўрэйскага насельніцтва.
Крызіс 1900-1903 гг. прывёў да скарачэння рамеснай вытворчасці, адбываўся рост фабрычна-заводскай прамысловасці. У 1904 годзе ў Гарадку дзейнічалі 16 фабрык і заводаў, на якіх былі заняты 57 рабочых. Заробак чорнарабочага ў месяц складаў 5 рублёў мужчынам і 3-4 рублі жанчынам. Праца прыслугі ацэньвалася ў 3-4 рублі жанчыне і 8 рублёў для мужчыны.
У 1912 годзе ў Гарадку налічвалася 240 гандлёвых і прамысловых устаноў. Праводзіліся 3 кірмашы, дзе прадаваліся гатовае аддзенне, сані, яйкі, куры, жывёла.
У 1905 годзе пачалася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Узмацніўся сялянскі рух. У Гарадоцкім павеце ён выражаўся ў патравах памешчыцкіх угоддзяў, высечках лесу – памешчыцкага і казённага. У Гарадку і павеце распаўсюджваліся пракламацыі.
У час рэвалюцыі ў 1906 годзе з’явіўся царскі указ аб аграрнай рэформе, ініцыятарам якой быў П. А. Сталыпін. У 1908 годзе ў Гарадоцкім павеце на хутары адышлі жыхары двух населеных пунктаў з 30 дварамі. У 1911 пажадалі весці хутарскую гаспадарку сяляне вёскі Завань. Далейшае ажыццяўленне Сталыпінскай зямельнай рэформы было спыніна першай сусветнай вайной. Ад заняткаў было адарвана вялікая колькасць рабочых рук. Даныя перапісу 1917 года сведчачь, што ў Віцебскай губерні з вёсак прызвалі ў войска 52,2% працаздольных мужчын.
Пачаў адчувацца недахоп прадуктаў харчавання. Насельніцтва на ўсе цяжкасці ваеннага часу адказвала пратэстам.
Імперыялістычная вайна рэзка пагоршыла стан сельскай гаспадаркі, прамысловасці, выклікала незадаволенасць працоўных слаёў насельніцтва, абвастрыліся ўсе супярэчнасці. У краіне нарастаў рэвалюцыйны крызіс.

Рэвалюцыйныя падзеі
і ўстанаўленне савецкай улады

У выніку Лютаўскай рэвалюцыіі, якая ліквідавала самадзяржаўе, у краіне склалася двоеўладзе: Саветы – орган улады працоўных і Часовы ўрад, які абараняў інтарэсы буржуазіі. У пачатку сакавіка весткі пра гэтыя падзеі дасягнулі Беларусі. У гарадках і мястэчках прайшлі мітынгі, дэманстрацыі. Працоўныя Гарадка вызвалілі з турмы 90 зняволеных, арыштавалі турэмную адміністрацыю. Пачалі стварацца Саветы рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў. Часовы ўрад назначыў у губерні і паветы сваіх камісараў, да якіх пераходзіла мясцовая ўлада.
У першыя дні сакавіка быў арганізаваны Савет рабочых сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў у Гарадку. У маі адбыўся з’езд сялянскіх дэпутатаў. Каля 500 чалавек прадстаўлялі інтарэсы сельскіх жыхароў павета. Было вырашына неадкладна арганізаваць Саветы ва ўсіх валасцях і таварыствах, стварыць «... Гарадоцкі павятовы Савет сялянскіх дэпутатаў і прыняць меры да распаўсюджвання сярод сельскага насельніцтва думкі аб неабходнасці для ўсіх грамадзян – землеўладальнікаў аб’яднацца ў сялянскія саюзы для больш паспяховага вырашэння зямельных і іншых сялянскіх патрэб». Выпрацаваны з’ездам парадак арганізацыі сялянскіх Саветаў даваў права ўдзельнічаць у выбарах сельскаму працоўнаму насельніцтву, дасягнуўшаму 18-гадовага ўзросту, незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання. Ад кожнай воласці і ад гарадскога земляробчага насельніцтва ў павятовы Савет сялянскіх дэпутатаў выбіралася па 3 дэпутаты.
У сакавіку-красавіку 1917 года ў павеце, як у цэлым па Беларусі, пашыраецца сялянскі рух.
У другой палове ліпеня ў Гарадку ўзнікла бальшавіцкая арганізацыя, яна аб’ядноўвала прыкладна 10 чалавек. У верасні сюды прыбыў 10-ы аўтамабільны дэвізіён і 298-ы запасны пяхотны полк. Сярод салдат таксама знаходзіліся бальшавікі.
Жыхары Гарадка і вёсак павета пра Кастрычніцкую рэвалюцыю даведаліся ад тэлеграфістаў чыгуначнай станцыі. Напрыклад, у вёскі Пліткі , Вышадкі і Дубрава 26 кастрычніка гэтую навіну прывёз селянін, які сам пачуў аб падзеях у Петраградзе ад бычыхінскага тэлеграфіста.
У лістападзе 1917 года скасавана пасада павятовага камісара Часовага ўрада. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт назначыў кіраўнікоў гарадской і павятовай міліцыі. Былі прыняты меры па ахове Гарадка. На вуліцах горада ўстаноўлена 11 пастоў. Утвораны ваенна-рэвалюцыйны суд у складзе трох чалавек, а таксама спецыяльны ўзброены атрад для навядзення парадку ў павеце, дзе адбываліся грабежніцкія дзеянні, падпалы маёнткаў з удзелам салдат і мясцовых жыхароў. Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту даваліся шырокія паўнамоцтвы па барацьбе з контррэвалюцыйнымі дзеяннямі і раскрадальнікамі народнага дабра.
У рэзалюцыіі Гарадоцкага павятковага Савета і павятковых галосных, аб’яднанае пасяджэнне якіх адбылося ў пачатку студденя 1918 года, аб’яўлялася аб падтрымцы ўсіх дэкрэтаў, выдадзеных Саветам Народных Камісараў.
23-25 студзеня ў Гарадку праходзіў павятовы з’езд Саветаў. У яго пастанове адзначана, што вышэйшай уладай у павеце з’яўляецца з’езд; у перыяд паміж з’ездамі - Савет. Пры Савеце былі створаны секцыі: зямельная, харчовая, культурна-асветніцкая, юрыдычная, па гарадскіх справах, ваенная і фінансавая. Фактычна з’езд замацаваў устанаўленне савецкай улады ў Гародоцкім павеце. 14 лютага была ліквідавана гарадская дума. Такім чынам, у лістападзе 1917- лютым 1918 у горадзе і павеце адбылося скасаванне органаў буржуазнай улады, ствараўся новы апарат кіравання.
Адначасова ў павеце праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленню дэкрэтаў савецкага ўрада. Ужо 17 лістапада на пасяджэнні павятковага Савета разглядалася пытанне аб ахове народнай маёмасці і правядзенні ў жыццё дэкрэта аб зямлі. Новая ўлада прымала меры па аказанню харчовай і грашовай дапамогі бяднейшым сем’ям у Гарадку і павеце. Складаным было становішча з харчаваннем.
Пачаўся працэс нацыяналізацыі прыватнай уласнасці. Дзяржаўнымі сталі аптэкі, кінематограф. Рэквізаваліся многія памяшканні пад шпіталі, казармы, установы. У студзені 1918 года вырашалася пытанне аб стварэнні новай арміі - добраахвотніцкай народнай гвардыі, прызначэнне якой - абараніць заваёвы не толькі ад знешніх ворагаў, але і ад унутраных. Віцебскія губернскі і гарадскі Саветы салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў зборным пунктам для добраахвотных фарміраванняў Віцебскай губерні прызначылі г. Гарадок.
Ваенная секцыя Савета праводзіла запіс добраахвотнікоў, улік і прыём гарадоцкага конскага запасу і маёмасці, якія засталіся пасля расфарміравання 298-га запаснога палка 17-га армейскага корпуса. Пагроза нямецкай акупацыі прымусіла ваенную секцыю Віцебскага губернскага Савета прыняць рашэнне аб перадачы коней, якія былі ў гарнізоне, у Віцебскі і Гарадоцкі паветы. Дазваляўся продаж іх сялянам і гараджанам для гаспадарчых патрэб. Бяднейшым сялянам давалася растэрміноўка да 2 месяцаў.
У студзені 1919 года Заходняй ваеннай акругай, у склад якой уваходзілі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні, пачалося фарміраванне батальёна з прадстаўнікоў вясковай беднаты. Батальён павінен быў увайсці ў склад палка, які фарміраваўся ў Самары. Гэты горад з'яўляўся апорным пунктам барацьбы з Калчаком.
23 студзеня 1919 года ўзвод вясковай беднаты Гарадоцкага павета быў сфарміраваны ў колькасці 70 чалавек і накіраваны ў Віцебск. У канцы студзеня рота была ўкамплектавана, але адпраўка яе ў Самару затрымлівалася, таму што не хапала ўзбраення, галоўным чынам кулямётаў. 14 лютага 1919 года рота ў складзе 225 чалавек была накіравана па прызначэнню. Яна мела на сваім узбраенні 174 вінтоўкі, 7 шабляў, 28 кінжалаў.
На Гарадоччыне партыйная і камсамольская мабілізацыі прайшлі вясной 1919 года. Разам са сваімі старэйшымі таварышамі-камуністамі ішлі на фронт і члены Камуністычнага саюза моладзі.
У пачатку 1920 года праведзены «Тыдзень фронту». Гарадоцкая павятовая камісія па яго правядзенню 13 лютага перавяла ў адпаведную губернскую камісію 160908 рублёў. Жыхары павета збіралі падарункі для чырвонаармейцаў.

 

Вверх