Любоў да Радзімы, як вядома, пачынаецца з пачуцця захаплення сваім родным краем, кутком, дзе ты нарадзіўся і жывеш, з адкрыцця для сябе яго прыроды, гісторыі, людзей, з усведамлення сябе часцінкай усяго гэтага. Каб пазнаёміцца з культурным багаццем і прыгажосцю сваёй малой радзімы 18 красавіка 2019 года юныя наведвальнікі Вархоўскай сельскай бібліятэкі адправіліся ў займальнае віртуальнае падарожжа “Гістарычная вандроўка па родным краі”, прымеркаванае к Міжнароднаму дню помнікаў і гістарычных мясцін. Падчас мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з самымі знакамітымі мясцінамі і помнікамі архітэктуры, размешчанымі на тэрыторыі нашага раёна. Дапаўнялі інфармацыю бібліятэкара краязнаўчыя буклеты “Памятники архитектуры Городокщины”, “Приглашаем в Городокский край” і “Интересные места Городокского района”, распрацаваныя супрацоўнікамі Гарадоцкай цэнтральнай бібліятэкі з мэтай таго, каб у жыхароў і гасцей нашага раёна з’явілася жаданне пабываць у розных кутках Гарадоцкай зямлі, пабачыць яе хараство і непаўторнасць. Напрыканца мерапрыемства вядучая адзначыла што ўсе мы павінны, перш за ўсё, ведаць сваю зямлю і культуру, пазнаёміцца са сваім, родным, а ўжо потым засвойваць чужое.