Час не пашкадаваў архітэктурных збудаванняў. Зніклі Езярышчанскі і Гарадоцкі замкі, дзесяткі храмаў, грамадзянскіх пабудоў. Збераглося нямногае.
3 матэрыялаў архіва вядома, што ў 70 - 80-ыя гг. XIX ст. будаўніцтвам храмаў у нашым павеце займаўся епархіяльны архітэктар Плюшчык. У гэты ж час выкарыстоўваліся праекты і сметы архітэктара Пакроўскага (як пры будаўніцтве царквы ў вёсцы Азаркаве (1873-1881 гг.). У другой палове XVIII - пачатку XIX ст. тут працаваў віцебскі губернскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму, Санкоўскі, аўтар праекта царквы ў Гарадку.
На Гарадоцкім адрэзку аўтамабільнай дарогі Санкт-Пецярбург - Адэса (былая шаша Пецярбург - Кіеў) захаваліся паштовыя дамы ў населеных пунктах Кузьміно і Гарадок. Даючы архітэктурную адзнаку гэтым пабудовам, С.С. Ожэгаў у кнізе "Тыповае і паўторнае будаўніцтва ў Расіі ў XVIII — XIX стагоддзях" пісаў: "У 1840-ых гадах паміж Остравам і Віцебскам быў узведзены шэраг аднолькавых пабудоў па некалькі змененым тыповым праектам для станцый першага і другога разрадаў. Будаўніцтва на шашы Пецярбург - Кіеў характэрна для перыяду распада рускай класічнай школы і пачатку ўпадку архітэктуры, звязанага з развіццём капіталістычных адносін у Расіі. Архітэктура станцый вытрымана ў казённым гатычным стылі, пабудаваны яны без уліку прыродных умоў і архітэктурнага акружэння.Тым не менш нельга не адзначыць, як станоўчую рысу, адзінства архітэктурнага рашэння ўсіх станцый на гэтым участку дарогі".
Аб будынку паштовай станцыі ў вёсцы Кузьміно у "Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць" паведамляецца: "Паштовая станцыя (архіт.) у цэнтры вёскі, каля шашы Гарадок - Невель. Пабудавана ў першай палавіне XIX ст. з цэглы, паводле праекта, прынятага ў 1846 г. для паштовых станцый на шашэйных дарогах. Стаіць за 90 м ад дарогі і звернута да яе галоўным фасадам. Галоўны будынак прамавугольны ў плане, з чатырохсхільным дахам, мае прыбудову. Падзелены на 2 часткі сенцамі: па левы бок размяшчаліся пакоі для прыезджых, па правы кватэра дазорца, кухня і пакой для афармлення падарожных. У архітэктуры будынка эклектычна спалучаны элементы псеўдаготыкі і класіцызму: стральчатыя псеўдагатычныя вокны і партал, невялікі прамавугольны атык над уваходам, вуглавыя пілястры. Навісь над уваходам падтрымліваюць літыя дэкаратыўныя кранштэйны, аздобленыя раслінным арнаментам. Астатнія пабудовы — флігель для фурманаў (часткова перабудаваны), свіран з падвалам і карэтная паветка размешчаны ў глыбіні двара. Паштовая станцыя — помнік дарожнай архітэктуры".
Ля ўезду ў Гарадок з поўначы па той жа дарозе знаходзіцца яшчэ адзін будынак паштовага дома і застаўны дом. Ён пабудаваны таксама паводле праекта для паштовых двароў на шашэйных дарогах і яго архітэктура адпавядае апісанню помніка ў в. Кузьміно. Да будынка прымыкаюць рэшткі станцыйнага двара.
3 пабудовай у 1904 г. чыгункі значэнне станцый, як і паштовага тракту, знізілася, былы паштовы двор у Гарадку ліквідавалі і будынак перадалі ў распараджэнне горада. У 1930-ыя гады будынак належаў МТС, потым быў прыстасаваны пад жыллё, у наш час тут размешчаны прыход храма Святога апостала Андрэя Першазваннага.
Свята-Узнясенская царква ў в. Кабішча была пабудавана ў 1700 годзе, зроблена з дрэва, належала Полацкай епархіі. Замест драўлянай царквы ў 1876 годзе была пабудавана царква з цэглы і бутавага камню. Гэта быў твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. У сілуэце храма панавалі купал пасярэдзіне бляшчанага даху і макаўка над аднаяруснай званіцай. Сцены чляніліся дзесяццю вялікімі аконнымі праёмамі, дзвюма малымі — на званіцы. Мела тры ўваходы. Ацяплялася кафлянай грубкай у апсідзе. Побач з царквой у 1848 годзе была пастаўлена драўляная капліца на чатырох цагляных слупах, абшытых цісам. Дакладна вядома, што ў 1910 годзе царква ў Кабішчы была дзеючай.
У гады Вялікай Айчыннай вайны храм быў амаль поўнасцю разбураны, у пасляваенны час выкарыстоўваўся як склад угнаенняў.
Адноўлена царква ў 1990-ыя гады.
У кнізе "Памяць. Гарадоцкі раён" (Мн., "Беларусь" 2004 г.) знаходзім скупыя звесткі аб царкве ў в. Хвошна: "Хвашнянская Свята-Узнясенская царква была пабудавана ў 1807 г., у яе прыходзе праз год налічвалася 3061 чалавек. Яна была мураваная на каменным цокалі, дах пакрыты жалезам, звонку і ўнутры пабелена. Даўжыня пабудовы — 6 сажэняў 1 аршын. Званіца была двух’яруснай". Належала царква да Гарадокскага уезнага благачынія. Побач з ёй былі пабудаваны капліцы Святога Міхаіла і Праабражэння Гасподня.
У 1922 годзе з храма для галадаючых былі канфіскованы усе сарэбраныя рэчы. Царква перажыла Вялікую Айчынную вайну. Захаваліся яе сцены і купал. У 1999 годзе храм быў адноўлены на сродкі нашых землякоў Крукава Н.Е. і Пратасава В.А..
Зараз царква закрыта, патрэбен рамонт.
У весцы Вярэчча у 1862 годзе з дрэва была пабудавана Свята-Мікалаеўская царква. Фундамент зрорблены з каменю, бярвенне ўнутры струганае. Звонку будынак абшаляваны дошкамі, дах накрыты дранкай, адзін з купалаў пакрыты жалезам, тапілася чыгуннай печкай, якая была ўбудавана ў алтар. У савецкі час царкву перабудавалі пад школу.
Захаваліся і збудаванні канца XIX - пачатку XX ст. Гэта аднапавярховыя дамы ў цэнтры Гарадка на сучасных вуліцах Савецкай, Вароўскага, Валадарскага, якія складзены з трывалай чырвонай цэглы. Яны маюць строгі прамавугольнік у плане, часта чатырохскатныя дахі. Адзін з дамоў мае высокі цокальны этаж, высокі ганак. Некаторыя з гэтых дамоў сталі часткай сучасных пабудоў (на вуліцы Вароўскага — музей, на вуліцы Камсамольскай — сучасная царква).
На тэрыторыі раёна зберагліся нешматлікія каменныя пабудовы таго часу. У вёсцы Паташня Першамайскага сельсавета — будынак валаснога праўлення. Ён таксама складзены з ярка-чырвоных невялікіх па велічыні цаглін. Будынак першапачаткова меў два ўваходы, усе пакоі размяшчаюцца ў адзін бок ад калідора. У яго капітальныя сцены, пяць пакояў. Двускатны дах быў жалезным. Вялікія вокны, высокая столь. Франтоны выкладзены за адно са сценамі. Гэты стогадовы будынак здзіўляе напоўненасцю паветрам, прасторай, практычнасцю.
Непадалёку знаходзіцца будынак школы таго ж перыяду. Таксама з чырвонай цэглы. Разлічана пабудова была на адзін вялікі клас, кватэру настаўніка. Мае два ўваходы, вялікія вокны. Побач гаспадарчыя пабудовы, яны таксама пад жалезным дахам. Доўгі час будынкі ў Першамайскім сельсавеце выкарыстоўваліся як школа, піянерскі лагер, належалі раённаму аддзелу адукацыі. У в. Паташня Межанскага сельсавета збярогся будынак былой латышскай школы, які нагадвае апісанне папярэдніх дамоў.
З помнікаў прамысловага будаўніцтва збераглося некалькі будынкаў, сярод іх млын у вёсцы Прудок. Ён належаў Маркаву манастыру. Гэта цагляны двухпавярховы трывалы будынак, які сваім чырванаватым колерам ажыўляе вясковую вуліцу, разам з плацінай нагадвае сучаснікам аб тых часах, калі нашы продкі маглі, выкарыстоўваючы багацце краю, будаваць трывала і прыгожа. Зараз тут размешчаны Дом паляўнічага і рыбалова "Прудок" Гарадоцкай раённай арганізацыі РДГА "БТПР".
У Вялікіх Стайках існаваў шляхецкі маёнтак Бондыравых. Зараз ад яго засталіся склад і дарога з брусчаткі. Склад быў пабудаваны з бутавага каменя і чырвонай цэглы. Архітэктура будынка надзвычай цікавая. Вокны упрыгожаны цаглянымі карнізамі, вуглы зроблены з цэглы, зверху – карніз з сухарыкамі. Наперадзе і ззаду будынак упрыгожаны вытанчаным франтонам. Дах пакрыты металічнымі лістамі. У такім жа стылі побач стаяла вінакурня з комінам, якая, нажаль, не захавалася.
Архітэктура
Published in
Краеведение