Календарный план организационных мероприятий по подготовке и ...
 В 2024 году Городокский район отметит 100 лет со дня ...
В 2024 году знаменательным событием для всей Беларуси станет ...
Сёлета 19 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка
Глава государства Александр Лукашенко подписал Указ № 375 "Об ...

ПРЫЗНАННЕ Ў КАХАННІ МАЛОЙ РАДЗІМЕ

Выраз – малая Радзіма – пачуў і запамятаў яшчэ ў маленстве, калі вучыўся ў пачатковай школе. Але ж тады вялікага жадання ўнікаць у яго сэнс не адчуваў – таму гэта словаспалучэнне пэўным чынам не ўсвядоміў, а можа і не разумеў як належна. Ды і не было ў той час ніякага поклічу для гэтага – жылося ў тых мясцінах, дзе нарадзіўся і якімі абмяжоўваўся ўвесь сусвет прывольна, утульна і хораша, як калісьці ў матчынай калысцы – бестурботна, без боязі за сваю будучыню.

Сапраўдную тугу па роднай старонцы, па сваёй Беларусі адчуў тады, калі паклікалі служыць у войска – ахоўваць эстонскае неба. Незабыўна, як з сябрам з горада Орша прыдбалі радыёпрыёмнік “Хазар” і пранеслі на пазіцыю баявога дзяжурства. Мы не збіраліся слухаць замежныя галасы, заўсёды стрэлка шкалы была настроена на беларускі радыёканал.

Родная мова няспынна вабіла, хвалявала сэрца, утульна клалася ў душу, навявала прыемныя, дарагія ўспаміны, думкамі вяртала дадому.

У наступны раз разлука з малой Радзімай доўжылася амаль тры дзесяткі гадоў – была не прымусовай. Так склаліся абставіны, што такі зыход палічыў за лепшае і вельмі хутка жыццё паказала, што памыліўся – зрабіў неразважлівы ўчынак.

Кароткія пабыўкі ў родным куточку не аднаўлялі былых адчуванняў – таго ўтульнага заспакаення, замілавання, усвядомленай упэўненасці, што роднае наваколле, яго прасторы, як і раней, належаць, разам з мясцовымі жыхарамі і табе.

Усё вярталася толькі ў турботных, але прыемных снах, ды ў час чытання кніжак, калі ўяўлялася, што падзеі літаратурнага сюжэту адбываліся, разготваліся амаль заўсёды ў родных мясцінах – у хатах аднавяскоўцаў ці суседніх паселішчаў, на знаёмых вуліцах і завулках. Мясцовы ручай пераўвасабляўся ў вялікую раку, поле рабілася стэпам, бліжні лес адпавядаў усім дзеянням з кніг.

А яшчэ заўважаеш такую акалічнасць. Знаходзячыся далёка ад малой Радзімы прыгадваеш такія драбніцы з мінулага, якія, здаецца, ніколі не ўспомніў бы калі б жыў тут не вылазна, неадлучна.

У думках зноў і зноў вяртаешся на вуліцы сваёй вёскі, на палявыя і лясныя сцежкі–дарожкі. Як бы ідзеш уздоўж узлескаў, рачулак і ручаёў, стаіш на высокай градзе каля ляснога возера Удзебна ці на пясчанай гары ва ўрочышчы Стайкі. І ўсё адбываецца, як у сапраўднасці.

Зварот дадому быў доўгачаканым, даўно жаданым. Толькі ў нечым крыху сумным, расчараваным.

Калісьці цешыла душу тое, што жыццё тут паступова і неадступна наладжваецца, паляпшаецца. Без маёй прысутнасці вырасла новая цагляная двухпавярховая школа са спартыўнай залай, у маляўнічым сасновым пералеску здзейснены шыкоўны асфальтаваны калаварот для зручнага развароту маршрутных аўтобусаў.

Але ж я ведаю для чаго тут секлі сосны мае хлопцы, калі я яшчэ працаваў ў саўгасе майстрам будаўніцтва. На гэтым месцы планаваўся шматфункцыянальны гандлёвы цэнтр, але прыйшла славутая перабудова і праглынула тыя задумы. Таксама бачыў я зацверджаныя прывабныя планы далейшага развіцця роднага краю, якія таксама ўшчэнт зруйнавалі новыя паляпшальнікі народнага жыцця.

А як цудоўна ўсё пачыналася калі амаль з нічога ўтварыўся мясцовы – свой – саўгас з маладзёжнай назвай “50 год ВЛКСМ”. Не было трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базы, здавальняючага жылля, адмініністрацыйна-культурных і іншых неабходных будынкаў. Былі толькі людзі, мясцовыя жыхары, цяпер разумею – сапраўдныя патрыёты сваёй зямлі. Неўзабаве шмат чаго адбудавалі сваімі саўгаснымі сіламі. З вялікімі цяжкасцямі, але з яшчэ большым энтузіязмам. Ды і як інакш, калі з двух з паловай соцен працаўнікоў каля васьмідзесяці былі камсамольскага ўзросту.

Давялі да ладу клуб - куды часова размясцілі і кантору саўгаса – які пры былых гаспадарах пяцігодку макрэў без даху. Узвялі цагляны двухпавярховы прыгажун – дзіцячы садок, які сёння пустымі глазніцамі вялікіх вокнаў з дакорам глядзіць у новую сучаснасць. Пабудавалі адміністрацыйны будынак – цяпер пустуе – з почтай і тэлефоннай станцыяй, некалькі вуліц жылля сядзібнага тыпу.

Паступова з’явілася добрая збожжасушыльная гаспадарка, цудоўныя механічныя майстэрні, прыбытковы жывёлагадоўчы комплекс, кармацэх, лесапілка і шмат іншага.

Гэта болей чым крыўдна, калі дзеля аднахвіліннай выгоды, з-за часовых цяжкасцей бяздумна рушыцца самаадданая праца некалькіх пакаленняў, якая б у недалёкім будучым прынесла б зашмат карысці, але новыя гаспадары не здолелі вытрываць ліхалецця і знішчылі ўселякую перспектыву далейшага росквіту роднага краю.

Але жыццё прадаўжаецца. Што было, што магло быць, толькі не здарылася – ужо не вернеш, не направіш. Трэба задавальняцца тым, што засталося, што ёсць цяпер. Перш за ўсё захаваўся чароўны прыродны куток вёскі Кабішча. Пабываўшы за сваё жыццё шмат дзе ўпэўнены, што нідзе не бачыў такога хараства, якое ёсць у нас – каб вёска, падзеленая рэчкай Кабішчанкай з высокімі берагамі на дзве паловы, абдымалася са звонкім сасновым пралескам. Яны пераплецены доўгай чарадой уласных хат, цаглянымі павярховымі шматкватэрнымі дамамі, тымі ж – клубам, адміністрацыйным будынкам почты і АТС па дзівосна звілістым узлеску. А ў самым сасняку прытуліліся былыя – прыгажун-садок, красуня-школа, а таксама выдатны аўтобусны прыпынак. Тут жа і скрыжаванне дарог. З глыбіні лесу прабягае цэнтральны шлях – сувязь з навакольным сусветам, а тры другія дарогі разыходзяцца па ўзлессі – вядуць у розныя куткі роднага краю.

Да канца 60-х гадоў мінулага веку побач з гэтымі ростанямі стаяў старэнькі драўляны клуб, зроблены з перавезенай сюды сялянскай хаты з суседняй вёскі, пасля тага як згарэў вялізны будынак сельскага савета, клуба, багатай бібліятэкі, ФАПа, почты (побач з цяперашнім ФАПам). Пад стромкімі соснамі і начным зорным небам у вершалінах тут шмат год адпачывала мясцовая моладзь, а ў вясну 1967 года паміж гэтым клубам і былой, яшчэ драўлянай, школай камсамольцы за суботнік і нядзельнік выкапалі траншэі для новага будынка культуры. Але ўвосень будоўлю перанеслі на той ўзлесак, дзе клуб і цяпер. Па абрысу і памерам гэта быў адзін і той жа праект. Тады казалі, што хтосьці з пільных кіраўнікоў угледзіў нешта недапушчальнае ў блізкім суседстве такіз “розных” устаноў.

Яшчэ ў гэтым лесе за старой школай шматлікія дарожыны як бы ўтваралі сваімі перакрыжаваннямі вялікі круг даўжынёй у два кіламетры, які настаўнікі фізкультуры выкарыстоўвалі лыжнёй ўзімку і для кросаў у астатні час. Цяпер спляценні тых дарожак зарастаюць хмызнякамі. У тую драўляную школку я бегаў восем год з суседняй вёскі Сюбараўка, за якой пачынаюцца вялікія лясныя прасторы да самых сучасных межаў з Расіяй – былы партызанскі край.

Дарэчы толькі ў мінулым годзе – 26 снежня – у дзень 75-годдзя вызвалення Кабішча ад нямецкай навалы, я даведаўся, што Сюбараўка была ачышчана ад ворага яшчэ 22 снежня. Чатыры дні на адлегласці паўтара кіламетра тут стаяў пэўны ўчастак вялізарнага фронту! Тут, дзе я дасканала ведаю кожны ўзгорачак, лагчынку, кожны куточак! Чамусьці ў школе аб гэтым нам не казалі.

У пачатку шасцідзесятых гадоў, калі я вучыўся ў другім класе то атрымаў заданне: “Падлічыць колькасць хат нашай вёсцы”. А вучань чацвёртага Аверчанка Уладзімір – колькасць жыхароў. (Адзін настаўнік, Паліна Малахаўна Сініцына, адначасова ў адным памяшканні навучала два класы). Я налічыў сорак адзін, а жыхароў было 154 ці 156. Сёння там жыве адна састарэлая жанчына – Бендзікава Раіса Рыгораўна.

З юнацтва памятаю аповед старажыла вёскі – Бастава Барыса Васільевіча аб яго гісторыі.

Да калектывізацыі Сюбараўка мела адну вуліцу ў напрамку суседняга Кабішча і была вёскай беднякоў. За рачулкай Ныркай, улева ад мосту, жылі заможныя Вальнякі, таксама ў адну вулку ў некалькі хат. Новае паселішча, куда павінны былі звесці з навакольных вёсачак і хутароў аднаасобнікаў, вызначылі ўздоўж галоўнай прамой дарогі паміж Евінам і Кабішчам. (Цяпер яе няма – знішчылі меліяратары). Туды нават перасялілі некалькі гаспадарак, але немцы, калі адступалі ўвосень - зіму 1943 года спалілі іх). У ўсё ж узбуйненай вёскі там не адбылася. Хітруны Вальнякоўцы адарылі і напаілі землямераў і новае паселішча “пасадзілі” ў гразнае, гліністае месца паміж і вакол Вальнякоў і першароднай Сюбараўкі. Новая вёска атрымалася няграбнай, з мудрачелістым размяшчэннем вуліц і завулкаў, якая сярод жыхароў набылі вычварныя прозвы.

Звезеныя гаспадаркі, што пасялілі насупраць Вальнякоў, празвалі Прытычка. Вуліцу ад ростаняў у бок абагульненага жывёльнага двара – за якім і планавалася новая вёска – так і назвалі – Абагульная. Невядома толькі чаму гнутая, як клюка вуліца ў напрамку Евіна стала Грыбатай. Былі і два завулкі – Сабалі ці Сабалішкі і Максімава або Чуева вотчына.

Паселішча прыдбала агульную назву – Сюбараўка, але да апошняга часу ў выбарчым спісе было дзве вёскі. На сюбараўскім беразе вуліцы склаліся ў выглядзе крыжа, на Вальнякоўскім, як звілістая рагаціна ці закручаныя вусы. Да 1956 года Сюбараўка была калгасам імя Варашылава, а потым, як і ўсе навакольныя вёскі-калгасы, увайшла ў склад саўгаса “Гарадоцкі”.

Яшчэ трэба сказаць пра крыніцу-ключ, што б’е пад узгоркам каля маста. Яна ніколі не замярзае зімой. У вялікія маразы над зрубам уздымалася пара, а ўлетку ад крышталёвай вады “ламіла” зубы, але ніхто ад яе не хварэў на ангіну.

З усіх куткоў раскіданай па пагорках вёскі сюды напрасткі хадзілі па воду з вёдрамі на карамыслах. З гэтай нагоды ўтварыліся шматлівыя сцежкі. Я памятаю, бадай, усе вясковыя сцяжынкі – не толькі да крыніцы – незлічона колькі бегаў па іх у дзяцінстве.

Ніколі ўжо летнім ранкам тут не заспяваюць пеўні, не пачуць мяншавання кос, званочкаў дзіцячых галасоў. Адвячорам статак кароў не ўздыме воблакі пылу па вуліцах, не перагукнуцца цераз плот суседзі. У звонкую зімовую раніцу не ўздымуцца дымы над комінамі, ніхто не пракладзе следу на свежым снезе вуліц, не заскрыпяць дрэвам “журавы” калодзежаў і палазы саняў з прыглушаным конскім тупатам. Некаму ўжо ў марозныя ночы глядзець у зорнае неба, якое бывае толькі над маёй Сюбараўкай.

Але як бы не было, невядомая сіла кожны раз цягне на тое месца, дзе нарадзіўся, дзе твая малая Радзіма. Няхай заўсёды так і будзе.

Яўген Паварэха

Вверх