Календарный план организационных мероприятий по подготовке и ...
 В 2024 году Городокский район отметит 100 лет со дня ...
В 2024 году знаменательным событием для всей Беларуси станет ...
Сёлета 19 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка
Глава государства Александр Лукашенко подписал Указ № 375 "Об ...

Вялікая Айчынная вайна

22 чэрвеня 1941 г. у мірнае жыццё нашай краіны ўварвалася вайна. У Гарадоцкім і Мехаўскім раёнах адразу ж пачалася мабілізацыя ваеннаабавязаных у Чырвоную Армію. На патрэбы войска накіроўвалі аўтатранспарт, коней. Спраўныя трактары, абсталяванне МТС, калгасную жывёлу адпраўлялі ў тыл. Частка насельніцтва раёна таксама пакінула родныя мясціны і накіравалася на ўсход.

Хроніка першых дзён вайны

25 чэрвеня пачаў дзейнічаць мехаўскі знішчальны батальён для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Ён налічваў 107 чалавек. Камандаваў фарміраваннем начальнік раённага аддзела НКУС М.І.Дзячкоў. Байцы мелі на ўзбраенні вінтоўкі, станковы і два ручныя кулямёты. Размяшчаліся яны ў будынку Езярышчанскай сярэдняй школы.
У першыя дні ліпеня былі збіты нямецкі самалёт, арыштаваны варожыя сігнальшчыкі.

3 або 4 ліпеня - першая бамбардзіроўка Гарадка варожымі самалётамі.
9 ліпеня - германскія войскі занялі горад.
10 ліпеня – першыя баі за вызваленне.
Пад Гарадком дзейнічала 214-ая стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра А.Н.Разанава. Яна ўваходзіла ў склад 22-ой арміі (генерал-лейтэнант П.А.Ершакоў). Перад дывізіяй стаяла задача вызваліць горад ад гітлераўцаў. Яе падраздзяленні, сфарміраваныя вясной 1941 г. у Варашылаўградзе, перамяшчаліся пад Гарадок з г. Невель і бліжэйшых да яго станцый. Палкі дывізіі не паспелі заняць баявыя пазіцыі і вымушаны былі прама з маршу ўступіць у бой 10 ліпеня.
У баях за горад удзельнічалі:
776-ы стралковы полк (палкоўнік Сівакоў)
788-ы стралковы полк (маёр Трэфілаў)
780-ы стралковы полк (падпалкоўнік Калачоў)
709-ы гаўбічна-артылерыйскі полк (маёр Хутарцоў)
У паветраных баях над Гарадком удзельнічалі лётчыкі 49-га знішчальнага авіяпалка, які меў загад прыкрываць свае войскі ў раёне Невеля, Вялікіх Лук, Гарадка. У аператыўнай зводцы палка за 10 ліпеня 1941 г. было запісана: «Вёў паветраны бой над Гарадком і вёскай Вайханы».

11 ліпеня – наступленне нашых войск на Гарадок.
Тры разы на працягу дня чырвонаармейцы пераходзілі ў атаку, цяснілі ворага і ўшчыльную набліжаліся да горада. Выбіць гітлераўцаў з Гарадка не ўдалося.
13 ліпеня - з ранку да позняга вечара не сціхаў бой на заходнім і паўночным берагах возера Кашо. Пад моцным уздзеяннем авіяцыі, артылерыйскага і кулямётнага агню войскі дывізіі вымушаны былі адысці.
6 дзён ішлі баі на подступах да Гарадка. Арэнай баявых дзеянняў з'яўляліся вёскі Верцяя, Вялікае і Малое Кашо, Памёт, Лапезы, Лагушанкі, Заазер'е.
15 ліпеня - апошняя аператыўная зводка. Напісана яна была ў лесе на захад ад
в.Мамоны. Перавага праціўніка ў людзях, агнявых сродках і паветраных сілах, адсутнасць у нашых байцоў аўтаматычнай зброі, недахоп мінамётаў і асабліва артылерыі не далі магчымасці вызваліць горад. Для жыхароў раёна наступіў змрочны час акупацыі.

Акупацыя

Два з паловай гады гаспадарылі нямецка-фашысцкія захопнікі на гарадоцкай зямлі.
Былі ліквідаваны органы савецкай улады. З ліку мясцовых жыхароў былі ўтвораны ўправы, якія ўзначальвалі бургамістры, у вёсках прызначаліся старасты. Грамадзянскую ўладу ў раёне ўзначаліў В.Т.Сівалобаў, а пасля яго забойства ў 1942 г. І.Д.Аляшковіч. Бургамістрам у Гарадку спачатку з'яўляўся Уверскі, а пасля П.Р.Ленчанка. Узнікла раённае паліцэйскае ўпраўленне, якое з пачатку 1942 г. узначальваў А.Р.Мордзік.

Пры «новым парадку» ў Гарадку былі закрыты школы, сельскагаспадарчы тэхнікум. Для насельніцтва акупанты ўстанавілі працоўную павіннасць. Усе жыхары ад 14 да 55 год абавязаны былі рамантаваць дарогі, масты, капаць траншэі, выконваць іншыя работы. Сельскія жыхары абкладаліся ваенным падаткам на прадукты харчавання. За адказ ад гэтых заняткаў пагражала пакаранне бізунамі або турма.

Гітлераўскі акупацыйны рэжым прадугледжваў поўнае знішчэнне асобных народаў. Такі лёс чакаў яўрэяў, якія здаўна жылі ў Гарадку і ў перадваенныя гады складалі значную частку яго жыхароў. У жніўні — кастрычніку 1941 года адбыліся крывавыя расправы. Акупанты знішчылі ўсе яўрэйскія сем'і, расстрэл якіх праводзілі на Вараб'ёвых гарах і каля вёскі Бярозаўка.
Каля 500 чалавек было знішчана ў лагеры для ваеннапалонных, які быў створаны на тэрыторыі тэхнікума.
Пад час карных экспедыцый гітлераўцы бязлітасна распраўляліся з партызанскімі сем'ямі, палілі вёскі. 13 гарадоцкіх вёсак — Ахрамеева, Вусце, Гумнічына, Задобрыя, Кавалі, Казлы, Лапакова, Падранда, Петрачыха, Рудзіха, Сямёнава, Чытавуха, Янава — былі спалены разам з людзьмі і ўвекавечаны ў хатынскім мемарыяле.
Гаспадаранне фашыстаў прынесла Гарадоцкаму краю вялікія матэрыяльныя страты. Акупанты разрабавалі маёмасць 206 калгасаў, разбурылі памяшканні і знішчылі абсталяванне 20 прамысловых прадпрыемстваў раёна. Адступаючы, фашысты ўзарвалі ў Гарадку клуб, кінатэатр, электрастанцыю, воданапорную вежу, Свята-Мікалаеўскі сабор. У руінах ляжалі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі, школы, клубы, бібліятэкі. У пачатку студзеня 1944 года ў Гарадку налічвалася 3457 чалавек з 8100, што жылі тут напярэдадні вайны.

Партызанскі рух

На акупіраванай тэрыторыі раёна разгарнулася партызанская барацьба.
Першыя партызанскія атрады былі створаны:
-ў п. Ноўка Вярэцкага сельсавета (арганізатар Уладзімір Аляксандравіч Ліпскі),
-у Мехаўскім раёне (камандзір Кузьма Фёдаравіч Волкаў, камісар Іван Тарасавіч Гуцаў.)
У маі 1942 г. Мехаўскі атрад быў разгорнуты ў 2-ую Беларускую партызанскую брыгаду імя П.К.Панамарэнкі, якая складалася з трох атрадаў агульнай колькасцю 617 чалавек. Партызаны былі ўзброены вінтоўкамі, кулямётамі, меліся аўтаматы, мінамёты.
У 1942 —1943 гг. на тэрыторыі раёна разгарнулі баявую дзейнасць:
-1-ая і 4-ая Беларускія,
-1-ая Віцебская,
-імя Кутузава,
-імя Леніна,
-імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, партызанскія брыгады.
Партызанская тактыка прадугледжвала нечаканы напад на ворага з засады, знішчэнне яго сродкаў перамяшчэння, складоў і жывой сілы, разгром нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў, захоп трафеяў і хуткі адыход да з'яўлення падмацаванняў праціўніка. Аперацыі па разбурэнню варожых камунікацый зрывалі або парушалі перавозкі праціўніка па шашэйных і грунтовых дарогах. Партызаны знішчалі масты, рабілі завалы, перакопвалі дарогі, выводзячы іх на некаторы час са строю.
Актыўныя дзеянні партызан Гарадоцкага, Мехаўскага, Суражскага, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў прывялі да ўтварэння ў лютым 1942 г. Суражскай партызанскай зоны. У склад яе ўваходзіла тэрыторыя Паташанскага, Межанскага, Зайкаўскага, Вышадскага, часткова Руднянскага і Газьбінскага сельсаветаў. Тут была адноўлена дзейнасць органаў Савецкай улады.
Праз Суражскія вароты (40-кіламетровы разрыў лініі савецка-германскага фронту), існаваўшыя на працягу лютага — верасня 1942 г., у тыл ворага накіроўваліся зброя, медыкаменты, боепрыпасы; з акупіраванай тэрыторыі выходзілі партызанскія атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырвоную Армію, насельніцтва, якое ратавалася ад карнікаў.
Гітлераўцы імкнуліся самымі жорсткімі метадамі падавіць народнае супраціўленне. Акупацыйныя ўлады праводзілі карныя экспедыцыі. На працягу 1942 — 1943 гг. іх было шэсць: № 95, «Клетка малпы», «Зімовы лес», «Шаравая маланка», «Грамавы ўдар», «Майская навальніца». Мэта гэтых акцый — ліквідацыя партызанскага руху, расправа з насельніцтвам.
У лютым 1943 года адбылася трагедыя ў Шчалбоўскіх лясах. Пасля ліквідацыі «Суражскіх варот» разам з партызанамі ў кальцо блакады трапіла некалькі тысяч мірных жыхароў, якія ратаваліся ад карнікаў у лясах. Пад час прарыву блакады большасць старых, жанчын, дзяцей былі захоплены карнікамі і расстраляны.
У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі вызначыліся многія нашы землякі: І.З.Лябёдка, У.А.Слямнеў, П.І.Кнураў, І.І.Маза, А.Л.Папоў, С.Ф.Кіраёнак, Шэдаў і многія іншыя. Не вярнуліся дамоў, загінулі ў партызанах ці прапалі без вестак каля 1000 ураджэнцаў Гарадоцкага раёна. Разам з дарослымі змагаліся і падлеткі. Яны былі разведчыкамі, памочнікамі ў шпіталях, удзельнічалі ў баявых аперацыях. У ліку іх Федзя Маскалёў, Галя Спірыдонава, Лёня Бароўскі, Ваня Шпакаў, Валодзя Дзенісенка.

Вызваленне. Гарадоцкая аперацыя

Вызваленне Гарадоцкага раёна пачалося ў кастрычніку 1943 г., калі завяршылася Невельская аперацыя і 1-му Прыбалтыйскаму фронту адкрываўся шлях для далейшага наступлення на Віцебск і Полацк. У канцы кастрычніка Чырвоная Армія вызваліла першыя населеныя пункты Марчанскага, Руднянскага, Газьбінскага сельсаветаў.

Haradocki VystupГарадоцкі выступ. У сярэдзіне лістапада на лініі фронту ўтварыўся вялікі выступ, у аснове якога знаходзіўся Гарадок. У папярэчніку гэты выступ складаў ад 35 да 60 кіламетраў, з поўначы на поўдзень — да 80 км. Разгортваючы наступленне з яго вяршыні, нямецкія войскі маглі перарэзаць участак, які злучаў дзве нашы арміі з галоўнымі сіламі, поўнасцю акружыць іх і ліквідаваць такім чынам небяспеку для сябе на віцебскім і полацкім накірунках. Варожы бок рыхтаваўся да такога наступлення.

План наступальнай аперацыі. Каб не дапусціць акружэння сваіх войск, камандаванне 1-га Прыбалтыйскага фронту на чале з генералам арміі І.Х.Баграмянам распрацавала план наступальнай аперацыі. Галоўная роля ў яе ажыццяўленні адводзілася войскам 11-ай гвардзейскай арміі (камандзір генерал-лейтэнант К.М.Галіцкі) і 4-ай ударнай (камандзір генерал-лейтэнант В.І.Швяцоў).
Планавалася сустрэчнае наступленне гэтых армій на станцыю Бычыха з мэтай акружэння і разгрому сіл праціўніка ў раёне азёр Ардова, Езярышча і ліквідацыі гарадоцкага выступу. Агульныя суадносіны сіл бакоў былі на карысць Чырвонай Арміі.

Варожыя пазіцыі. Гітлераўцы добра ўмацавалі свае пазіцыі. Вакол Гарадка быў узведзены абарончы рубеж “Пантэра”. Ён складаўся з некалькіх ліній траншэй. Танкі і бронемашыны, падбітыя ў папярэдніх баях, былі закапаны ў зямлю і з'яўляліся браніраванымі кулямётна-артылерыйскімі кропкамі. Пярэдні край абарончых умацаванняў меў мінныя палі, калючы дрот.
Вораг добра выкарыстаў асаблівасці мясцовасці са шматлікімі рэкамі, балотамі, якія не прамярзалі да канца снежня. Гэтыя абставіны стваралі значныя цяжкасці для перамяшчэння баявой тэхнікі. Гітлераўцы разлічвалі тут зімаваць. Усе бліндажы былі забяспечаны печкамі, а афіцэрскія нават мелі мэблю, адабраную ў мясцовых жыхароў.

Падрыхтоўка да наступлення. Нашы войскі настойліва рыхтаваліся да наступлення, намечанага на 26 лістапада. Але наступальным дзеянням не спрыяла надвор'е. Дажджы, туманы не давалі магчымасці дзейнічаць авіяцыі, весці эфектыўную артылерыйскую падрыхтоўку.
3 дазволу Стаўкі наступленне было перанесена на больш позні тэрмін да ўсталявання добрага зімовага надвор'я, калі можна было б выкарыстоўваць і авіяцыю, і танкі.

І этап. Наступленне пачалося 13 снежня. Двухгадзінная артылерыйская падрыхтоўка змянілася атакай байцоў пры падтрымцы танкаў. Атакуючыя ўварваліся ў траншэі першай лініі абароны праціўніка, аднак далей рухацца не змаглі. Моцны агонь ворага спыніў нашы танкі, залягла пяхота. У першы дзень байцы 11-й гвардзейскай арміі прайшлі наперад толькі на 2 км у паласе шырынёй 1,5 км. Танкі і пяхота 4-ай ударнай арміі прасунуліся на 5 км наперад.
14 снежня. Аперацыя развівалася не так, як планавалася. У баявыя дзеянні 11-й арміі былі ўнесены карэктывы. Генерал-лейтэнант К.М.Галіцкі вырашыў перанесці галоўны ўдар з цэнтральнага ўчастка на правы фланг. 14 снежня вайсковыя фарміраванні дасягнулі шашы Невель — Гарадок, а таксама перарэзалі чыгунку Невель — Гарадок у раёне раз'езда Раслякі.
15 снежня. На трэці дзень наступлення байцы 166-ай стралковай дывізіі і 41-ай танкавай брыгады выйшлі да чыгункі каля в. Малашанкі. У гэты ж дзень быў вызвалены ад немцаў раённы цэнтр і чыгуначная станцыя Езярышча.
16 снежня. У выніку наступлення войскі 11-ай гвардзейскай і 4-ай ударнай армій злучыліся ў раёне ст. Бычыха. На працягу наступных двух дзён былі ліквідаваны трапіўшых у акружэнне групоўкі ворага.

ІІ этап. Вызваленне Гарадка. Адначасова з ліквідацыяй акружаных часцей праціўніка пачаўся другі этап наступальнай аперацыі. Нашы войскі вялі наступленне на Гарадок, які і быў вызвалены 24 снежня сіламі 11-ай гвардзейскай арміі пад камандаваннем К.Н.Галіцкага. У наступныя дні злучэнні гэтай арміі з баямі прасоўваліся ў напрамку Віцебска. Лінія фронту адступіла на поўдзень на 18 — 20 км ад Гарадка.

Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Гарадка, Вярхоўным Галоўнакамандуючым была аб’яўлена падзяка. У іх гонар 24.12.1943 г. ў Маскве быў дадзены артылерыйскі салют 12 залпамі з 124 гармат.

12 воінскім злучэнням, адзначыўшымся у баях за вызваленне Гарадка, прысвоена назва “Гарадоцкія”

5-я гвардзейская Чырвонасцяжная Гарадоцкая стралковая дывізія
26-я гвардзейская Усходне-Сібірская Гарадоцкая стралковая дывізія
83-я гвардзейская Чырвонасцяжная Гарадоцкая стралковая дывізія
11-я гвардзейская Чырвонасцяжная Гарадоцкая стралковая дывізія
10-я гвардзейская Гарадоцкая танкавая брыгада
17-я Гарадоцкая знішчальная супрацьтанкавая артылерыйская брыгада
488-ы Гарадоцкі пушачны артылерыйскі полк
523-і Гарадоцкі корпусны артылерыйскі полк
545-ы Гарадоцкі мінамётны полк
2-я гвардзейская Гарадоцкая мінаметная дывізія
259-я Гарадоцкая знішчальная авіацыйная дывізія
6-ы гвардзейскі Гарадоцкі інжынерны батальён

10 чалавек сталі Героямі Савецкага Саюза

Антонаў Іван Мікалаевіч
Забродзін Мікалай Федаравіч
Краеў Уладзімір Паўлавіч
Кручкоў Іван Канстанцінавіч
Малышаў Барыс Георгіевіч
Недагавораў Віктар Лявонцевіч
Неўмоеў Якаў Міхайлавіч
Рудык Мікалай Марцінавіч
Цюрын Аляксандр Васільевіч
Шашкоў Віктар Рыгоравіч

Чацвёра з іх пахаваны на тэрыторыі Гарадоцкага раёна:
Антонаў І.М., Рудык М.М. – в. Мехавое
Цюрын А.В. – в. Гуркі
Малышаў Б.Г. – в. Н.Вайханы

Памяць

Bessmertie

Мемарыяльны комплекс «Бессмертие». У памяць аб воінах, якія аддалі жыццё ў баях за вызваленне Гарадка, у 1974 годзе ў цэнтры горада быў узведзены мемарыяльны комплекс.
Тут пахаваны М.М.Каржанеўскі, камандуючы 26-ай гвардзейскай Усходне-Сібірскай Гарадоцкай стралковай дывізіі;
Героі Савецкага Саюза А.І.Дыдышка, П.П.Зюбін, В.А.Талкачоў
і каля 5 тысяч воінаў, загінуўшых пры вызваленні горада і раёна.
Усяго на тэрыторыі Гарадоцкага раёна знаходзіцца 90 воінскіх пахаванняў.

Pamjatnyi znak

Памятны знак.
У 1975 годзе на перакрыжаванні вул. К.Маркса і вул. Пралетарскай быў узведзены памятны знак 12-ці воінскім злучэнням, вызваляўшым г.Гарадок

Vul Bagramjana

Вул. Баграмяна.
У 1983 годзе на вул. Баграмяна ўсталяваны помнік воінам 2-ой гвардзейскай Чырвонасцяжнай ордэна Аляксандра Неўскага Гарадоцка-Берлінскай мінаметнай дывізіі, удзельнічаўшай у баях за горад.


Bust Bagramjana

19 мая 2018 года на вул.Баграмяна быў адкрыты бюст двойчы Герою Савецкага Саюза Івану Хрыстафоравічу Баграмяну.
У лістападзе 1943 года Баграмян быў прызначаны камандуючым 1-га Прыбалтыйскага фронту. Гарадоцкая наступальная аперацыя ў снежні 1943 года была першай ваеннай аперацыяй, праведзенай Баграмянам у якасці камандуючага фронтам. Яна завяршылася поспехам. У выніку былі вызвалены каля тысячы населеных пунктаў.

Vul Talkachova

Вул. Талкачова.
Тут усталяваны помнік воінам-танкістам, якія адны з першых уварваліся ў горад у дзень вызвалення.

13 вуліц г.Гарадка названы імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Aleya

Алея герояў
Уздоўж тратуарнай дарожкі па вуліцы, якая носіць імя маршала І.Х. Баграмяна, каля легендарнай "Кацюшы" ўстаноўлена 13 стэндаў з прозвішчамі і фотаздымкамі ураджэнцаў Гарадокшчыны. Вось іх імёны:
Мікалай Іванавіч Аверчанка
Мартын Аляксеевіч Ананьеў
Рыгор Багданавіч Багданаў
Язэп Рамановіч Бумагін
Мікалай Іванавіч Гапеёнак
Арсенцій Яфімавіч Казлоў
Павел Міхайлавіч Каралёў
Іван Андрэевіч Крумін
Двое ураджэнцаў Гарадоцкага раёна сталі Героямі Савецкага Саюза ў даваенны і пасляваенны час -
Аляксандр Пятровіч Сабалеўскі і Цімафей Цярэнцьевіч Рамашкін.
Яшчэ двое нашых землякоў з'яўляюцца поўнымі кавалерамі Ордэна Славы, што прыраўноўваецца да звання Героя Савецкага Саюза. Імі сталі Іван Васільевіч Дарошчанка і Ілля Платонавіч Янчанка. Беларус Аляксей Іванавіч Семянкоў быў удастоены звання Героя Расіі ўжо ў наш час - за подзвіг, здейснены ім у гады Вялікай Айчыннай вайны.

HozyainLesa

Мемарыял "Гаспадар лесу".
Шасціметровая скульптура партызана, усталяваная не на гарадской плошчы і нават не ў вёсцы, а ў непраходным лесе. У гады вайны ва ўрочышчы Шчалбова разгарнулася жорсткае супраціўленне ворагу, дзе знаходзілася партызанская зона, выпаліць якую карнікі паспрабавалі ранняй вясной 43-га. У памяць аб трагедыі і подзвігу тут ў 1970 годзе адкрылі мемарыял. Яго аўтар - ураджэнец Гарадоцкага раёна, франтавік, мастак, прафесар Анатоль Кавалёў.

Panteon

Мемарыяльны комплекс "Пантэон памяці" ва ўрочышчы "Вераб'ёвы горы", прысвечаны мірным жыхарам, знішчанымі фашысцкімі карнікамі.
На мемарыяле пахаваны жыхары, якія былі расстрэляныя ў 1941-1943 гадах у 26-ці вёсках нашага раёна. Пра гэта сведчаць сем пліт з назвамі вёсак Гарадоцкага раёна, дзе былі знішчаны іх жыхары. Апошнія звесткі Нацыянальнага архіва Беларусі сведчаць, што на тэрыторыі сучаснага Гарадоцкага раёна пацярпела насельніцтва 305 вёсак і займае трэцяе месца пасля Верхнядзвінскага і Віцебскага раёнаў.

Вверх