C 8 по 14 июля пройдет XXXIV Международный фестиваль искусств ...
ЛЕТОПИСЬ ПОБЕДЫ   2025 год ознаменован памятной датой – ...
Президент подписал Указ №1, которым 2025 год объявлен Годом ...

ПАЛЯСОЎШЧЫК ТАРАС

«Любят его («Тараса») за то, что легко
понятен, ибо написан на родном их
прадедовском языке белорусском, да за
то, что щирую правду говорит в нём
сочинитель о тамошнем житье-бытье».

Романов Е.П. Предисловие к Витебскому
изданию «Тараса на Парнасе».1896

У прадмове да віцебскага выдання “Тарас на Парнасе” 1896 года Е.Р. Раманаў сведчыў: “…басню гэту знойдзеш ва ўсякай хаце, год ужо больш як сорак вядома яна на Беларусі і старому, як той кажэць, і малому і пану, і простаму, пісьменнаму, і цёмнаму…Пісьменныя шчыра пішуць яго (“Тараса”) сабе на паперу, цёмныя яшчэ шчырэй вучаць яго на памяць…».
Паэма «Тарас на Парнасе” ўпершыню была апублікавана ў газеце «Минский листок» 16 мая 1889 года.
Беларуская паэма «Тарас» (назва першапублікацыі) адразу кідалася ў вочы, бо займала два падвалы на другой і трэцяй старонках газеты. Паэма апавядала пра дзівосныя прыгоды палясоўшчыка, які знянацку трапіў на Парнас, бачыў там старажытных багоў, што на дзіва нагадвалі простых вясковых людзей, пакаштаваў іх – таксама вельмі зямныя – стравы, бачыў, як па праву ўзышлі на гару Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі і Гогаль, як жывасілам ціснуўся туды Булгарын са сваім памагатым Грэчам. Пра ўсё гэта было расказана па-майстэрску, з тонкім гумарам, вельмі лёгка, добрай беларускай мовай.
Тарас быў любімым персанажам і кірмашовых відовішчаў-батлеек. Як ніводзін з твораў беларускай літаратуры, паэма перадрукоўвалася да 1917 года больш за 15 разоў.
Прайшло ўжо столькі часу, а паэма з цікавасцю ўспрымаецца і нашымі сучаснікамі. Яна захапляе насычанасцю і сакавітасцю мовы, вобразнасцю народнага слова, яскравым народным гумарам, яркасцю мастацкіх вобразаў, казачнасцю. Але найперш паэма захапляе вобразам галоўнага героя Тараса.
У паэме палясоўшчык Тарас паказаны працавітым (“балота з рання да самай ночы пільнаваў”), памяркоўным (чалавек ён быў рахманым”), цвярозым (“гарэлкі ў губы ён не браў”). Вобраз Тараса – вобраз чалавека прыгожага, сімпатычнага. Яго ўпрыгожвае працавітасць, сумленныя адносіны да даручаных яму абавязкаў. Тарас дасціпны, кемлівы, цікаўны:

Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы ў Панаса
Ён там ля лазні блізка жыў.

У паэме назіраецца сувязь з літаратурна-грамадскім жыццём Расіі. Але паэма, як адзінае мастацкае цэлае, узнікла не толькі на чыста літаратурнай аснове. У задуму аўтара ўваходзіла і нешта большае, звязанае з яго адносінамі да народа, яго мовы, звычаяў, побыту, светаразумення, светаадчування.
Хоть Тарас і не пісьменнік, але ён уздымаецца на Парнас. Не за заслугі! Просты чалавек таксама патрабуе, заслугоўвае ўзвышэння – вось крэда аўтара. Упэўнена, натуральна трымаецца ён на Парнасе. Калі багі ў яго пытаюцца: “Ты хто такі? Ты не пісацель?” Тарас з адчуваннем уласнай годнасці адказвае ім, што ён просты палясоўшчык з Пуцявішча. Ад яго імя вядзецца апавяданне ў паэме пра незвычайныя прыгоды.
Рысы паслухмянасці ўвесь час падкрэсліваюцца аўтарам. Але за ўсім гэтым узнікае мудрасць простага чалавека. Палясоўшчыка Тараса не так проста збіць з тропу. Ён умее глядзець на ўласныя няўдачы:

Іду сабе я панямногу,
Але і на пень крыху прысеў,
Аж тут-лоп-лоп!-цераз дарогу
Як быццам цецярук зляцеў.
Злажыўся стрэльбай-кляпсь! – не паліць,
Крамзель з другога! – не пякець!

Тарасу ўласцівы народны гумар, уменне адчуваць прыгожае і бачыць яго. На Парнасе герой трапляе ў палац, дзе жывуць багі. Апынуўшыся на тым свеце, ён не можа не захапляцца:

Авохці мне! Як там прыгожа!
Як быццам хто намаляваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа,-
Ну, як сукенку хто паслаў!
І птушкі ёсць там, дужа стройна
Пяюць, палепш за салаўя.

У паэме паказваецца цэлы шэраг антычных багоў — Зеўс, Няптун, Сатурн, Марс, Венера, Амур, Геба. Багі ў паэме паказаны ў сялянскім адзенні, яны ядуць сялянскія стравы. Але багі — не прадстаўнікі народа. У паводзінах і характерах багоў выразна выступаюць рысы людзей іншага асяроддзя — панскага. Ды і жывуць яны, як гаворыцца ў паэме, у «панскім двары», ядуць так, як простыя сяляне не елі нават на свята. На сялян багі падобны толькі знешне. Зеўс паказаны як разбэшчаны, схільны да п'янства, уладалюбны чалавек. Венера — таксама вобраз вельмі няпросты. Часам здаецца, што гэта звычайная вясковая красуня, прыгожая і абаяльная.

Прыгожа, стройна цераз меру,
Пяром не можна апісаць.

I адзенне ў Венеры, як у вясковай красуні. Але аўтар паказвае яе зусім іншай, «чырвонай, тоўстай», калі Венера занята толькі сабой і круціцца перад люстэркам:

Во перад люстрам задам меліць
I маслам мажа валасы,
Ды нечым белым твар свой беліць.

Тут мы ўжо бачым Венеру не простай дзяўчынай, а пані. I толькі да Гебы, якая вядзе ўсю гаспадарку, Тарас ставіцца з сімпатыяй і спачуваннем. У гэтых вобразах невядомы аўтар у парадыйным, сатырычным плане паказаў «вярхі» тагачаснага грамадства, развенчваючы «вышэйшасць» паноў у параўнанні з простым людам.

Тарас любуецца хараством кветак, захапляецца галасамі птушак. А танцуе Тарас так, што:

Аж рот раззявілі багі:
То ён прысвісне, то прытопне.
То шпарка пойдзе ў кругі.

І, відаць, не кожны дзякаваў бы за вячэру так, як Тарас, які “усіх падзякаваў багоў”. Гэтая павага да ўсіх, падзяка ўсім – ад этыкету гароднага. Але разам з тым для Тараса, як чалавека, гэта рыса несумненна, глыбока асабістая.
У паэме Тарас менш дзейнічае, больш пазірае: больш тут “Тарасу ліха што даецца”, больш ён гаворыць, выражаючы тыпова сялянскую манеру дасціпнага апавядальніка. Дасціпнасць – гэта таксама рыса характару Тараса. Ён заўсёды стараецца ўбачыць у любой з’яве смешны бок. Але ён ніколі не траціць пачуцця меры, якое ўласціва яму ад прыроды.
У паэме не толькі чуеш Тараса, але і бачыш яго жэсты, міміку, як ён і над сабой усміхаецца і нешта “круглае” скажа і пакажа, як “скакнуў-не трапіў, паслізнуўся і ў яму стракачом лячу! Ляцеў, ляцеў – як разануўся, - аж стала зелена ўваччу.”
Цудоўны твор і сёння карыстаецца папулярнасцю не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. На сёняшні дзень паэма "Тарас на Парнасе" перакладзена на паўдзесятка замежных моваў. На украінскай мове існуе тры пераклады (А.Танюка, А.Шаўчэнкі, В. Стралко), па два пераклады на англійскай (Уолтэр Мэй, Вера Рыч) і расійскай (М. Лазінскага і М. Ісакоўскага) мовах. “Тарас на Парнасе” перакладзены на нямецкую мову беларускім паэтам і перакладчыкам У.Папковічам, на іспанскую К.Шэманам, на балгарскую Н.Вылчава.
У 2001 годзе на радзіме Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку ўстаноўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы "Тарас на Парнасе" і яе аўтара. У 2008 годзе ў Беларусі, у выдавецтве «Класіка», паэма "Тарас на Парнасе" выйшла ў свет на васьмі еўрапейскіх мовах. А ў 2009 годзе ў выдавецтве “Мастацкая лiтаратура” выйшла кніга з паэмамі "Тарас на Парнасе" і «Два д'яўлы» ужо з імем аўтара на вокладцы.
У 2014 годзе ў цэнтральным парку горада Гарадка ўстаноўлена бронзавая скульптура галоўнаму герою паэмы палясоўшчыку Тарасу.
"Тарас на Парнасе" уваходзіць ва ўсе праграмы вывучэння беларускай літаратуры.

Літаратура
1. Паэма “Тарас на Парнасе”:здабыткі і праблемы:Другія літаратурна-краязнаўчыя чытанні, прысвечанныя 25-м угодкам адкрыцця Генадзем Кісялёвым асобы Канстанціна Вераніцына (19 лістапада 1998 года г.Гарадок Віцебскай вобласці)/ Пад рэд. Л.Гаравога.- Гарадок, 1999.-С.29-33

 

Вверх