C 9 по 15 июля пройдет XXXIII Международный фестиваль искуств ...
 В 2024 году Городокский район отметит 100 лет со дня ...
В 2024 году знаменательным событием для всей Беларуси станет ...
Сёлета 19 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка
Глава государства Александр Лукашенко подписал Указ № 375 "Об ...

Шальнев Василий Петрович

Ператварыліся ў белых жураўлеў

Перад самым пачаткам мітынгу-рэквіема на воінскім пахаванні, што ля в. Малашанкі, над ім праляцелі жураўлі. Можа, і праўда, душы тых, хто насмерць стаяў на гэтых высотах, вяртаюцца ў выявах прыгожых птушак, каб паглядзець, як жывецца на зямлі, за якую салдаты аддалі свае жыцці, як выконваюцца іх запаветы, ці жывая памяць пра іх… Жывая! Нездарма беларусы даглядаюць брацкія магілы невядомых ім чырвонаармейцаў, як магілы сваіх родных. З года ў год ідуць да іх на паклон у Дзень Перамогі — кліча грамадзянскі абавязак і сэрцы, перапоўненыя жалем па вялізных ахвярах і гонарам за гераічнае мінулае свайго народа.

Сем дзесяцігоддзяў невядомым заставаўся лёс чырвонаармейца Васіля Пятровіча Шальнева, прызванага на службу з Ліпецкай вобласці. Толькі сёлета звесткі пра яго праз інтэрнэт-рэсурсы атрымала ягоная дачка, Раіса Васільеўна Дзяменцьева. Даведалася, што ён навечна спачывае тут, у Малашанках, і 9 мая разам з пляменніцамі Вольгай і Нінай (на здымку), праўнукам Раманам прыехала на магілу бацькі.

Не павярнуўся язык запытаць, што адчувае асірацелая ў маленстве, а цяпер ужо немаладая жанчына. Ёй, скамянелай, не ўдавалася стрымліваць патокі слёз. Плакалі і іншыя родныя, якія прыехалі на магілу дарагіх ім людзей з Яраслаўля, Новасібірска, Масквы, Тамбова… Разам з імі шчыра журыліся мясцовыя жыхары. Нават крыніца, што б’е з беларускай зямлі паблізу ад пахавання, бясконца плача і ніяк не можа аплакаць безлічныя ахвяры, прынесеныя савецкім народам на алтар Перамогі.

- Саслужывец майго бацькі, Васіля Іванавіча Мішына з Арлоўшчыны, расказаў, што яго, параненага на полі боя, фашысты прыстрэлілі стрэлам у галаву, — паказваючы сямейныя рэліквіі — фота розных год і паштоўкі з фронта, — расказвае Зоя Васільеўна Мішына. — Наша маці-прыгажуня да канца жыцця засталася адзінокай салдацкай удавой і гаварыла: «Я венчаная з мужам, я сустрэнуся з ім на тым свеце». Спадзяюся, так яно і ёсць. А я кожныя пяць год прыязджаю ў Малашанкі, сябрую з іншымі роднымі тых, хто тут пахаваны. Дзякуй вам, беларусы, што не закідваеце іх магілу…

На халодныя пліты пахавання, дзе знайшлі апошні прытулак больш за 300 салдатаў, кладуцца вянкі і жывыя кветкі, слова бярэ старшыня Бычыхінскага сельвыканкама Н.Г. Ахадаў: «Зараз, калі нават у нашых суседзяў так неспакойна, асаблівая ўвага павінна быць нададзена ўрокам Вялікай Айчыннай вайны. Нікому не дазволена перапісваць яе гісторыю, страшную і гераічную адначасова, дапускаць, каб яе жахі паўтараліся. Наш святы абавязак — захоўваць вечную памяць пра загінуўшых на палях бітваў, закатаваных у фашысцкай няволі, клапаціцца пра жывых ветэранаў і быць уважлівымі да прадстаўнікоў гераічнага ваеннага пакалення, якое выжыла ў акупацыі, працавала дзеля перамогі ў тыле. Гэтыя перакананні мы павінны перадаць у спадчыну сваім дзецям і ўнукам…»

І вось пасля выступлення настаўніцы гісторыі Бычыхінскай СШ Л.А. Барысавай, якая засведчыла, што ўсё тутэйшае наваколле — месцы «танкавых рукапашных», ужо школьнікі, сур’ёзныя, засяроджаныя, бяруць слова. Яны рыхтаваліся да гэтага свята: назубок вывучылі біяграфіі знакамітых землякоў-франтавікоў, вершы патрыятычнага гучання, падрыхтавалі выдатную літаратурна-музычную кампазіцыю (на здымку). Зададзены імі тон падтрымалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Бычыхінскага СДК. Над пахаваннем па тутэйшай традыцыі луналі і рваліся ў мірную нябесную сінечу песні, кранаючы за жывое зместам, тэмай, праўдай.

Перамога, якую аднолькава трапятка святкавалі і вялікія гарады, і маленькія вёскі, усе сумленныя людзі, якой сёлета споўнілася 70, ніколькі не састарылася!

Святлана Якаўлева.  ( “Гарадоцкі веснік”,16 мая 2015 г.)

Фота аўтара.

Вверх