C 9 по 15 июля пройдет XXXIII Международный фестиваль искуств ...
 В 2024 году Городокский район отметит 100 лет со дня ...
В 2024 году знаменательным событием для всей Беларуси станет ...
Сёлета 19 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка
Глава государства Александр Лукашенко подписал Указ № 375 "Об ...

Хайдуков Семён Палович

Найгалоўнейшая каштоўнасць — мір

Шырока святкавала Езярышча 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Езярышчанцы, урачыстыя, прыбраныя, з кветкамі ў руках, ішлі цэлымі сем’ямі і арганізаванай калонай з ліку прадстаўнікоў працоўных калектываў, школьнікаў да вайсковых могілак, дзе пахавана больш за 200 вызваліцеляў гэтага гарадскога пасёлка, да помніка танку Т-70, усталяванаму на месцы пахавання камандзіра 159-й танкавай брыгады, палкоўніка С.П. Хайдукова. На бацькаву магілу не першы раз з Рэспублікі Татарстан прыехала ягоная дачка, Лілія Сямёнаўна (на здымку — выступае).

Схема святочных мерапрыемстваў 9 мая ці 3 ліпеня, здавалася б, аднолькава звыклая: выступленні афіцыйных асоб, ганаровых гасцей, моладзі… Так, усё традыцыйна, але ці не ў гэтай традыцыйнасці, што склалася на працягу дзесяцігоддзяў, і заключаецца сіла, якая выхоўвае патрыётаў?

За лічбамі статыстыкі ахвяраў вайны, якія і на гэты раз агучвалі старшыня Езярышчанскага сельвыканкама У.І. Катаржэўскі, старшыня мясцовага савета ветэранаў Н.Я. Падмазава, хаваецца трагедыя і веліч духу.

Апошнім часам гаворка ідзе пра 30 мільёнаў ахвяр нацысцкай Германіі. Лічба і так уражвае, а калі ўдумацца, колькі асабістых драмаў, барацьбы на грані магчымасцяў, доўгіх фізічных і псіхалагічных пакут крыецца за кожнай чалавечай «адзінкай» з гэтых 30 мільёнаў?!

- А што я ведаю пра вайну? — публічна запыталася сама ў сябе настаўніца гісторыі Езярышчанскай СШ Л.І. Нікіфарава. І тут жа прызналася, што, колькі б не «акуналася» ў гэту тэму, не сустракалася са сведкамі ваеннага ліхалецця, не чытала літаратуры — мастацкай, публіцыстычнай, дакументальнай — яна не ведае пра вайну нічога, таму што не перажыла яе.

Так і ўсім народжаным пасля вайны не ўсведаміць тое галоўнае, што дадзена ведаць тым, хто яе перажыў, — нейкую вышэйшую праўду, вялікую таямніцу пра сапраўдныя каштоўнасці, галоўная з якіх — мір.

- Жывіце доўга, жывіце ў шчасці, любові, ласцы, працуйце ў задавальненне, мацнейце! — па-бацькоўску настаўляў у сваім выступленні маладых ветэран Васіль Ільіч Глазкоў.

Ветэранаў — А.В. Аляксеенку, Р.Д. Бацюлёва, А.Р. Башкову, В.І. Глазкова, М.М. Сцепаненку — удзячныя езярышчанцы літаральна засыпалі кветкамі (на здымку).

Кожны імкнуўся так выразіць павагу да сваіх герояў — тых, якія не дажылі да пераможнага мая 45-га, якія пайшлі з жыцця пасля вайны, але падчас яе ўнеслі сваю лепту ў справу Вялікай Перамогі — у асобах гэтых паважаных людзей.

Мінута маўчання, залацістыя ўзнагароды на грудзях у ветэранаў, слёзы, якія змяняліся на ўсмешкі, трохкратны ружэйны салют, чырвань у колерах дзяржаўных сімвалаў і майскіх кветак… Традыцыйна? Так і выхоўваецца патрыятызм, гонар за сваю Бацькаўшчыну.

( Гарадоцкі веснік, 16 мая 2015г.)

Вверх