Студзянцова Святлана Мікалаеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 г. Гарадка.
Нарадзілася 13 снежня 1951 года ў вёсцы Селяўшчына Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў настаўніцкай сям’і. Бацька, Студзянцоў Мікалай Паўлавіч, настаўнік гісторыі. Маці, Студзянцова Кацярына Тарасаўна, настаўнік біялогіі.
Пасля заканчэння школы ў 1969 годзе працавала ў дзіцячым садку. У 1971 годзе паступіла ў Мінскі педінстытут імя М. Горкага на літаратурна-музычны факультэт.
Пасля заканчэння навучальнай установы ў 1975 годзе атрымала размеркаванне ў СШ № 1 г. Гарадка, дзе і прапрацавала да пенсійнага ўзросту.
На працягу доўгіх гадоў узначальвала фальклорны гурток «Спадчына». Была сакратаром камсамольскай арганізацыі школ горада.
Святлана Студзянцова пра сваю творчасць
Прыход у літаратуру на першым этапе быў ранні, яшчэ ў школе. Пасля – у інстытуце. На 2-гім курсе наведвала літаратурны гурток, дзе складала нядрэнныя вершы, але саромелася іх паказваць. Лічыла, што не змагу, не сумею, не здатная.
А намнога пазней, калі працавала ўжо пасля размеркавання ў школе, успомніла пра любімае захапленне – ажыццявіць душэўны палёт у чароўную краіну паэзіі. Гэта так званы позні прыход. Вельмі хочацца сказаць пра жыццё, пра вопыт. Шмат пройдзена і перажыта. На многае глядзіцца па-іншаму.
Хочацца падказаць маладому пакаленню, як правільна арыентавацца ў жыццёвых сітуацыях, каб менш рабіць памылак. Яшчэ раз звярнуць увагу на старэйшае пакаленне, напісаць аб праблемах пажылых людзей. Паказаць дзейсную сілу кахання, мацярынства, абавязкаў на зямлі.
І галоўнае прызначэнне – быць заўсёды чалавекам.
Пра што мае вершы?
Мабыць пра зямное, рэальнае.
Есць вершы філасафічнага гучання, бо жыццё – гэта ўжо само па сабе – складаная філасофія.
Калі ўлічыць усе віды лірыкі ( а іх 4-ы), то на кожны від ёсць вершы.
Есць вершы эпічнага складу, а есць лірычнага.
Мабыць, больш эпічных вершаў, у якіх закранаюцца праблемы надзённага жыцця.
Галоўнае, што праходзіць пра ўсю маю творчасць – гэта абавязкова быць чалавекам, добра ведаць сваё месца ў жыцці, на зямлі. Як гімн гучыць верш, “на чистый лист ложатся строки жизни”.
Шмат пішу пра маці, самага дарагога і блізкага чалавека, з якога пачынаецца жыццё. “Мама”, “Абдымі мяне”, “Душа маці”.
Пра школу. Пра яе сказала асобае словаю “Зноў развітальна плача ў небе клін”, “Як цяжка развітацца са званком”.
Тэма любві да малой Радзімы асабліва вострая. “Дарога. Сцежачка. Дарога”, “Душы маёй даўно вядома”, “Где душица моя”.
Пра асабістае. “Олегу”, “Я бягу, я агнявая”.
Шмат вершаў душэўна балючых, напісаных па прычыне гібелі сыночка. Боль несуцішны. Есць вершы прысвечаныя дзеткам, а таксама на бытавыя розныя тэмы, на нейкія звычайныя факты, падзеі.