Над паркам гарадскім
Хмурынкі белы вехаць…
-У Вільню трэба ехаць! –
Нібы адсек Максім.
А бацька зноў:
-Дарога
У Белебей
прамей.
Ты вераб’я старога
Паслухай,
зразумей.
Пагодлівы, кумысны
І ўтульны гарадок
Быў для цябе карысны
З маленства, галубок.
А што ў далёкай Вільні
Цябе чакае?
Шум,
Нібы на лесапіліьні,
Бруд,
мітусня
і тлум.
Дарэмна ўсё!
Максіму
Шляхі не выбірай.
-Хоць родны край – не рай,
Я еду на радзіму!
З вытокаў роднай мовы
Я там зраблю глыток.
Нашэпчуць мне дубровы
Там не адзін радок.
Слоў выпусціў зарад,
Змоўк Пеця Гапановіч.
Няўмольны Багдановіч –
Яго стрыечны брат:
-Даўжэй хоць утрая
Хай будзе шлях –
я еду!
Хачу прайсці па следу
Свайго дзяцінства я.
Не скіну груз пакут
З душы сваёй нідзе я.
Адна ў мяне надзея –
На свій радзімы кут.
Пад вербамі крыніца
Там ёсць жывой вады.
Там я магу пазбыцца
Навек сваёй нуды.
2
Над горадам – поўні
Чароўны ліхтар.
Блакітныя промні
Ліюцца з-за хмар.
Ноч летняя схіму
Не хоча прыняць.
Не ўдасца Максіму
Бяссонне суняць.
У сэрцы паэта
Світанкавы грай:
Ён едзе на лета
У казачны край!
Ля кожнае хаты
Ў тым краі буслянкі.
Жывуць там Агаты,
Скірпусі ды Янкі.
Там явар з калінаю
Ўсюды ля брам.
З душою арлінаю
Лебедзі там.
Жывуць там адвеку
Ў лясах лесуны,
Ды зла чалавеку
Не чыняць яны.
Там пахне аерам,
Жывіцай, чаборам.
Там Зорка Венера
Ўзыходзіць над борам.
Там яркія краскі
Гай падперазалі.
Там краскі –
што казкі
Прабабкі Рузалі.
Стаяць там гурмою
У прыцемку шарым
Бярозы зімою,
Як белыя мары.
Прытоміцца трохі
Мароз –
ля Асвеі,
Нібы скамарохі,
Заскачуць Падвеі.
Купальская ночка
Ўпадзе на купалкі –
На бераг з вяночкамі
Выйдуць русалкі.
Там рэчанька, вішанька –
Куды б ні падаўся.
Там тая крынічанька,
Што голуб купаўся.
3
Узнёслы,
радасны,
шчаслівы –
Сеў Багдановіч у вагон:
Па запрашэнні «Нашай нівы»
Сягоння ў Вільню едзе ён!
Шмат у яго задум і планаў.
Ён не забыў, з якой журбой
Пра беларускі край Кабанаў
Яму расказваў пад вярбой.
Французы,
прусакі,
татары
І шведы па яго зямлі,
Як спусташальныя атары,
Усё дратуючы, ішлі.
Ішлі і не шукалі сцежак,
Не разбіралі – дом ці лоўж.
Яго радзіма – гэта ўзмежак,
Стаптаны ўпоперак і ўдоўж.
На момант замаўкалі трубы,
Глух і травеў чужацкі след.
Тады было чуваць, як зубы
На край яго тачыў сусед.
Не ззяюць твары ад усмешак
У беларускіх мужыкоў.
Яго радзіма – гэта ўзмежак,
Які абворваюць з бакоў.
Ён скарыстае запрашэнне
Для стрэч з людзмі, што пачалі
Здзяйсняць рашуча адраджэнне
Сваёй прыгнечанай зямлі.
Ён, як сапраўдныя паэты,
Гатоў пакласці на алтар
Святой высакароднай мэты
Жыццё і паэтычны дар.
4
Будзіць асіплы гудок паравозны
Вёскі, што моцным агорнуты сном.
Зноўку прысады, прасёлкі, барозны
Плаўна плывуцьза вагонным акном.
Зноўку мільгаюць слупы верставыя,
Вежы, лясы, пералескі, палі.
Скачуць сасонкі, нібы веставыя
Краю любімага, роднай зямлі.
Днеюць на ўзгорку высокім палаты
Князя або двараніна-царка.
Жмурацца слепа сялянскія хаты,
Крыжам распорвае неба царква.
Вось і капліца з акенцамі вузкімі,
Свежай магілы пясчаны грудок.
-А по бокам-то всё косточки русские!
Выгукнуў неспадзявана гудок.
Стала няўтульна і душна ў вагоне,
Зноўку на сэрцы Максімавым груз.
Вочы прыжмурыў – стаіць на адхоне
Высакарослы худы беларус.
Бледны і хворы, са спінай гарбатай –
Моўчкі, панура і тупа, як вол,
Ён механічна іржавай лапатай
Доўбіць марозам прыхоплены дол.
-Гэта наяве
ці гэта Някрасаў? –
Зноў у акно Багдановіч зірнуў.
Грукат грымотны жандарскіх абцасаў
У рэчаіснасць паэта вярнуў.
Ручкі рыпяць чамаданаў і скрынак,
Сонца ўзышло, ды пакуль не пячэ…
-Дзе мы знаходзімся?
Што за прыпынак?
Да Беларусі далёка яшчэ?
Інтэлігент з беларускім акцэнтам
Глянуў праз шкельца:
-Баюся – схлушу…
Мо Багдановічу з інтэлігентам
Раптам удасца адвесці душу?
-Я ўжо за Вамі даўно назіраю…
Вы з Беларусі?
-Ды як Вам сказаць?
З доляй Паўночна-Заходняга краю
Лёс давялося мне рана звязаць.
-Сціплым, забітым, сляпым беларусам
Стала, відаць, невыносна зусім
Жыць у знявазе,
пад вечным прымусам? –
Боль свой уклаў у пытанне Максім.
-Слухаць размовы такія абрыдла,
З даўняй мінуўшчыны ведае свет,
Што беларусы – рабочае быдла, -
Выбуркнуў інтэлігентны сусед.
-Як гэта быдла,
калі гэта людзі? –
Шчокі Максіма збарвяніла кроў.
Гнеўна і люта аб хворыя грудзі
Грукнуліся камяні кулакоў.
Рынецца ў бой Багдановіч,
ды кашаль
Спыніць паэта.
З семнаццаці год
Точыць ягоныя лёгкія шашаль,
Прагны, бязлітасны шашаль сухот.
…Даў адпраўленне саставу дзяжурны,
Грымнуў дзвярыма вусач-праваднік.
З месца крануліся лаўкі і урны,
Ход набірае імкліва цягнік.
Воблачка белае над перагонам
Мкнецца удалеч, як з выраю гусь.
Грукаюць колы пад хісткім вагонам
Зноў:
-Беларусь!
Беларусь!
Беларусь!
5
Праткнулі, як пруткі, праменні
Зары чырвонае сукно.
Стаіць паэт у задуменні,
Глядзіць сумотна праз акно.
На жаль,
ён адчуванне свята,
Як ні стараўся, не збярог.
Стаіць і слухае зацята
Душы збалелай маналог:
-І сапраўды,
як вол нястомны,
Таленавіты мой народ,
Ад беспрасветнай долі цёмны,
Вязе пакорна воз нягод.
Вязе, што ўзваляць, не брыкнецца,
Як быццам нораву няма.
Ён, Богам выкляты, здаецца,
Прывык да пугі
і ярма.
З яго сем шкур жыўцом здзіралі
Памешчыкі і панічы…
Даўно ўжо весела не гралі
На Беларусі скрыпачы.
Парой асенняй, напрадвесні,
Спякотным летам і зімой,
Нібыта баючыся, песні
Пяе народ бяспраўны мой.
З няўтольнай мараю аб шчасці
Жыве ён шмат ужо вякоў.
І гэтай светлай мары ўкрасці
Ніхто не можа ў землякоў!
Дыхнуў цягнік – і рой іскрынак
Над пераездам праляцеў.
Зірнуў Максім на строй ялінак
І гучна крыкнуць захацеў:
-Бацькоўскі край! Няхай на полі
Тваім драсён ды лебяда,
Ты рук не апускай ніколі –
І знікне гора-злыбеда.
Пачне спяваць на поўны голас
Твой сын – гаротнік селянін.
Ужо на нашай ніве колас
Наліўся зернем не адзін.
Зямля мая! Ты не прапала.
І кветка шчасця расцвіце!
Ужо распальвае Купала
Кастры Купалля ў цемнаце.
6
Сонца твар за лясамі схавала,
Мак таўчы пачалі камары.
-Цэлы дзень я не чуў, каб кувала
Варажбітка зязюля ў бары, -
Думка грукнула ў скроні Максіму
І прымусіла сэрца шчымець.
А так хочацца ўславіць радзіму,
Да канца сваю песню дапець.
Ноч міне – і пачне напаўняцца
Зноў святлінкамі сонца сяўня.
Вельмі хочацца мне дачакацца
Залацістага яснага дня.
Кучу вугалю ў попеле тушыць
За пагоркам на захадзе ноч.
Цёплы чэрвеньскі вецер варушыць
Косы стройных бярозак наўзбоч.
З ціхім сумам зірнуў Багдановіч
На захутаны ў змрок вакаём:
-Будзе літасць у Бога –
да новых,
Можа,
венікаў і дажывём.
Родны край!
Колькі слацца ні будзе
Дзён маіх невясёлы сувой,
Ты як сына мяне не асудзіш,
Як да ўздыху апошняга – твой.
А памру я –
хай плечы атуліць
Мяккі саван любімай зямлі,
Дзе апошні прытулак матуля
І прабабка Рузаля знайшлі.
Хай паблізу мяне ўкараніцца
Маладая вярба ці дубок
І вызвоньвае срэбрам крыніца,
Дзе купаецца галубок.
7
Перад спатканнем з радзімай сваёю
Сэрца ніяк не ўтаймуе Максім…
Стала за вокнамі цёмна зусім…
Зорка Венера ўзышла над зямлёю…