C 9 по 15 июля пройдет XXXIII Международный фестиваль искуств ...
 В 2024 году Городокский район отметит 100 лет со дня ...
В 2024 году знаменательным событием для всей Беларуси станет ...
Сёлета 19 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка
Глава государства Александр Лукашенко подписал Указ № 375 "Об ...

ИСТОРИЯ

Самыя раннія звесткі аб праваслаўных храмах і царквах на Гарадоцкай зямлі ёсць аб Успенскай царкве ў Езярышчы (прыкладна 1377 г.) з укладной граматы княгіні Ульяніі, дзе ўстанаўліваецца, якую подаць браць “на церковь Божию Пречистую Успенья… У Возерищех на Уханех со Алексеевщины”. Затым аб існаванні гэтай царквы ўспамінаецца ў дакументах 1527 г. Езярышчанская царква называецца ў 1648 г. у дакументах аб цяжбе ўніяцкіх і праваслаўных святароў.
Ёсць звесткі, што ў 1686 г. полацкі ваявода мяняе ў Езярышчанскай Свята-Мікалаеўскай царкве праваслаўнага святара на ўніяцкага і абавязвае прыхажан застацца ў яго прыходзе пад пагрозай штрафаў. У 1761 г. упамінаецца Езярышчанская царква ў дакументах аб жыцці аднаго з уніяцкіх святароў.
Аднак, у даведніку А. М. Кулагіна “Праваслаўныя храмы на Беларусі” маюцца наступныя звесткі аб гэтай царкве: “Свята-Мікалаеўская царква пабудавана з дрэва ў 1800 г. Звонку і ўнутры абшыта цёсам і пафарбавана. Над дахам узвышаўся вялікі купал. Сцены чляніліся 12 вялікімі і малымі аконнымі праёмамі. Царква мела два ўваходы. Іканастас вылучаў апсіду”. Таму хутчэй за ўсё яна была пабудавана зноў.
У 1833 г. была створана Полацкая праваслаўная епархія, у якую ўваходзілі полацкія і віцебскія землі. Узначаліў епархію епіскап Смарагд, на якога была ўкладзена місія па пераарыентацыі ўніятаў у праваслаўе. У тым жа годзе Езярышчанская царква стала праваслаўнай Езярышчанскай Свята-Мікалаеўскай царквой і быў створаны Езярышчанскі праваслаўны прыход. У Рудні была створана як філіял Езярышчанскай – Руднянская Свята-Ефрасініеўская царква 1853 г. пабудовы. Царква характарызавалася, як штатная, драўляная, халодная. Настаяцелем служыў Міхаіл Шымковіч 1863 г. н., які меў скуф’ю. У 1931 г. у Езярышчы было две царквы: местачковая і жукаўская.
У Гарадку ў 1651 г. існавала царква Святога Іллі. Гэта вядома з запіскі мітрапаліта Антонія Селявы аб Полацкай епархіі. У 1692 г. тут быў Свята-Дабравешчанскі сабор.
Свята-Ушэсцеўская драўляная царква ў в. Кабішча пабудавана ў 1700 г. Затым у 1876 г. тут была пабудавана мураваная, якая існавала яшчэ і ў 1910 г. Гэта быў твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Побач с царквой пабудавалі ў 1848 г. драўляную капліцу.
Хвашнянская Свята-Ушэсцеўская царква была пабудавана ў 1807 г. Яна была мураваная на каменным цокалі, дах пакрыты жалезам, звонку і ўнутры пабелена.
У в. Вышадкі знаходзіўся храм ў імя Пакрова Прасвятой Багародзіцы, 1808 г. пабудовы, штатны, каменны, халодны, трывалы. З 1880 г. святаром служыў Леў Лызлоў 1844 г. н., які меў набедранік (першая ўзнагарода святара).
Пачынаючы з 1832 г. па 1836 г.у Гарадоцкім павеце былі пераведзены ў праваслаўе ўсе 16 уніяцкіх царквей з 12 філіямі і 3 капліцамі. Да гэтага часу тут шмат год не было ніводнай праваслаўнай царквы.
Паводле статыстычных звесткаў аб царквах Полацкай епархіі 1884 года выпуску дакладна вядома, што на цяперашняй тэрыторыі Гарадоцкага раёна ў той час дзейнічалі не менш за 25 праваслаўных храмаў.
У Гарадку ў 1845 г. быў узведзены Свята-Мікалаеўскі мураваны храм. З гісторыі яго пабудовы вядома, што быў разабраны стары будынак Мікалаеўскай царквы і на яго месцы пачаў узводзіцца новы, каменны. Гарадоцкаму сабору не шанцавала: пасля пабудовы была выяўлена трэшчына, якая доўгі час выпраўлялася. У 1891 г. пры храме пабудавалі мураваную капліцу на сродкі царкоўнапрыходскага папячыцельства ў памяць цудоўнага выратавання імператара Аляксандра і яго сям’і пры крушэнні цягніка ў 1888 г. Да храма ставілася царква, пабудаваная ў 1881 г. пры будынку турмы. Яна называлася Васкрасенскай. Настаяцелем на пасадзе з 1850 г. быў протаіерэй Ян Баброўскі 1803 г. н. У 1860 г. ён атрымаў сан протаіерэя, меў напарсткі крыж і Ордэн Святога Уладзіслава ІV ст. за 50-гадовую службу.
Яшчэ адзін Гарадоцкі храм стаяў з 1884 г. на скрыжаванні Памётнай і Ветранай вуліц (сучасныя – Чырвонаармейская і Камсамольская). Гэтую царкву насельніцтва называла “цёплай”. Побач з царквой было пабудавана ў 1903 г. царкоўнапрыходскае вучылішча. Падмурак яго склаў частку сучаснай царквы.
У імя свяціцеля і цудатворца Мікалая быў названы храм у в. Вярэчча 1862 г. пабудовы (драўляны на каменным падмурунку, халодны, трывалы). Святаром з 1880 г. служыў Антоній Антонаўскі 1850 г. н.
У в. Бяскатава стаяла Свята-Георгіеўская царква, якая існавала яшчэ ў 1922 г. З інвентарнага вопісу царквы вядома, што пабудавана яна ў 1862 г. і была драўлянаю, стаяла на каменным падмурунку. Дакументы сведчаць, што зруб для царквы зрабіў сялянін Нікіфар Сцяпанаў. Яго настаяцелем служыў Фёдар Цітовіч 1829 г. н.
Царква ў в. Азаркава існавала з 1841 г. У 1877 г. пабудавана новая па праекту архітэктара Пакроўскага, асвяцілі яе ў імя Успення Прасвятой Багародзіцы. Святаром быў Васіль Пакроўскі, які нарадзіўся ў 1841 г. У гэтым храме ён служыў з 1866 г., складаўся памочнікам благачыннага, меў скуф’ю.
У в. Болецк храм 1839 г. пабудовы (штатны, драўляны, халодны, трывалы) быў названы ў гонар Святой Тройцы. Служыў у ім з 1878 г. Ян Бернадскі 1847 г. р., ён быў супрацоўнікам епархіяльнага апякунства, меў набедранік. Храм быў зачынены ў 1922 годзе.
Пакроўскі храм у в. Старыя Вайханы быў пабудаваны ў 1848 г. (па іншым звесткам у 1847 г.). У 1884 г. характарызаваўся як штатная драўляная халодная трывалая царква. Настаяцелем з 1882 г. служыў Міхаіл Красавіцкі 1830 г. н. Памочнікам настаяцеля з 1876 г. быў Міхаіл Чарны, які нарадзіўся ў 1825 г. Абодва святара мелі камілаўку (трэцяя ўзнагарода святара).
У імя Святой жыватворчай Тройцы ў 1835 г. (па іншым звесткам 1837 г.) быў пабудаваны храм у в. Зайкава. Ён быў штатным, драўляным, халодным, трывалым. Да храма ставілася прыпісная царква ў імя свяціцеля Мікалая ў в. Мяжа. Гэта твор народнага дойлідства. Мела двух’ярусную званіцу і два ўваходы. Настаяцелем з 1843 г. служыў Іоан Кушын 1813 г. н., ён меў нагрудны крыж (чацвёртая ўзнагарода святара).
Штатная каменная цёплая трывалая царква 1878 г. пабудовы ў в. Кашо насіла імя прападобнай Еўфрасінні. Святаром у ёй з 1876 г. быў Іоан Лебядзеў 1847 г. н., ён з’яўляўся членам благачыннага савета, меў набедранік.
Святаром у храме Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы (1865 г. пабудовы, штатны, драўляны, халодны) у в. Ціоста з 1878 г. служыў Аляксандр Бязроднін 1840 г. н., меў набедранік.
Настаяцелем храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў в. Віраўля, адноўленага ў 1835 г. (штатны, драўляны, стары), з 1870 г. быў Васіль Салаўёў 1844 г. н. Ён складаўся духоўнікам акругі, меў скуф’ю. У 1897 г. пабудавана з цэглы. Гэта твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.
У в. Звягі мелася драўляная царква, пабудаваная ў 1896 г., была прыпісана да царквы в. Віраўля.
Храм у в. Горкі (гэты населены пункт на тэрыторыі Віраўлянскага сельсавета больш не існуе) быў названы ў імя Успення Прасвятой Багародзіцы. Драўляная царква была пабудавана ў 1873 г. Святар Антоній Мадзалеўскі 1829 г. н. (быў благачынным благачыння другога окру). Царква абрушылася ў 19 ст.
Трывалым ва ўсіх адносінах - па стане, колькасці вернікаў быў храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы 1863 года пабудовы ў в. Мехавое. Настаяцель Барысовіч Аляксандр 1841 г. н., меў набедранік.
Вельмі значна выглядаў і храм у в. Обаль - Святой Жываначальнай Тройцы, пабудаваны ў 1862 годзе, дзе святаром, якому была падаравана скуф’я, служыў Васіль Драздоўскі 1826 г. н. Царква загінула ў час Вялікай Айчыннай вайны разам з маладымі партызанамі, якіх у ёй спалілі фашысты. Храм быў пабудаваны з сасновых брусоў на каменным падмурку.
Храм таксама быў у в. Стайкі. Ён насіў імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Царква 1849 года пабудовы, як і будынкі пры ёй, былі трывалымі. Святар Міхаіл Булыгін 1848 г. н., меў набедранік.
Халамерская Свята-Духаўская царква згарэла ў 1864 г. Прыход быў зачынены, а прыхаджане аднесены да Обальскай царквы. Новая пабудавана ў 1870 г. з дрэва. Гэта было тварэнне народнага дойлідства: зруб на падмурку абшыты цёсам і афарбаваны. Званіца была двух’яруснай. Святар Іоан Забелін 1846 г. н., меў набедранік.
У в. Казловічы – Свята-Мікалаеўская царква. Існавала ў 1910 г., пабудавана ў 1852 г. Твор народнага дойлідства. Над дахам купал і макаўка.
У в. Хабаты – Свята-Мікалаеўская царква. Год пабудовы не высветлены, упамінаецца ў 1910 г.
У в. Даўгаполле існавала Свята-Пакроўская царква, драўляная, абшытая цёсам. Пабудавана ў 1863 г. у маёнтку памешчыка Піяра. За 20 год да яе пабудовы існавала каменная, але разбурылася.
Існавала ў вёсцы Кашо Свята-Духаўская – драўляная. Год пабудовы невядомы, дзейнічала ў 1862 г. У ёй вялося набажэнства і ў пачатку 20 ст.
У “Памятнай кніжцы Віцебскай губерні” на 1909 г. прыведзена наступная ведамасць праваслаўных прыходаў Гарадоччыны тых часоў: Азаркаўскі, Бяскатаўскі, Болецкі, Вярэчанскі, Віраўлянскі, Вайханскі, Горкаўскі, Даўгапольскі, Азярышчанскі, Кашанскі, Мехаўскі, Обальскі, Руднянскі, Халамерскі.
Святары адказвалі за царкоўнапрыходскія школы, якія ў 1912 г. існавалі ў Гарадку, Вярэччы, Віраўлі, Вайханах, Горках, Дубраве, Зайкаве, Кукаве, Раманятах, Хвошне, Вышадках, Даўгаполлі, Ісачкаве.
Пры царквах святары збіралі бібліятэкі. У 1891 г. кнігі рэлігійна-этычнага зместу, часопісы былі ў Свята-Мікалаеўскім саборы ў Гарадку, Болецкай, Бяскатаўскай, Вышадскай, Зайкаўскай, Вярэцкай, Вайханскай, Кашанскай, Хвашнянскай, Езярышчанскай, Мехаўскай, і Віраўлянскай царквах.
Нажаль, у перыяд багаборніцкай улады многае незваротна згублена: зачынены або разбураны храмы па ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэтыя трагічныя падзеі не абмінулі і гарадоцкія землі.
Рэлігійнае жыццё на Віцебшчыне пачало адраджацца ў канцы 80-х гг. Віцебская епархія была адноўлена ў 1992 г. На гэты момант у ёй было 9 храмаў і 12 святароў. Ахоплівала тэрыторыю, якая складалася з 11 раёнаў Віцебскай вобласці. Сёння ў Віцебскай епархіі 21 благачынніцкі округ. У тым ліку і Гарадоцкі.
У 2019 г. на тэрыторыі Гарадоцкага раёна дзейнічалі наступныя храмы Беларускай Праваслаўнай царквы:
Храм Святой Жываначальнай Тройцы г. Гарадка. Заснаваны ў 1990 г. і з'яўляецца цэнтральным храмам Гарадоцкага благачыння. Для храма ўлады перадалі будынак былой царкоўнапрыходскай школы 1903 года пабудовы. У 1999 г. ён быў перабудаваны ў прастакутны храм з паўкруглай апсідай. Зверху храм накрыты чатырохсхільным дахам, над якім узвышаецца васьмігранны барабан са сферычным купалам. Прыход зарэгістраваны 12 сакавіка 2002 г.
Храм Святых прападобнамучаніц вялікай княгіні Елісаветы і інакіні Варвары г. Гарадка. Прыход храма створаны 14 снежня 2009 г. Для часовага храма было абсталявана памяшканне ў Доме суместнага пражывання састарэлых і інвалідаў. У цяперашні час вядзецца будаўніцтва пастаяннага храма.
Храм святога апостала Андрэя Першазванага ў Гарадку. Прайшоў рэгістрацыю 31 мая 2012 года. Рашэннем выканкама абшчыне перададзены цагляны будынак былой коннай пошты 1849 года пабудовы.
Храм Успення Прасвятой Багародзіцы г. п. Езярышча. У 1998 г. пачалося будаўніцтва храма. Першая Боская Літургія была адслужана ў 2000 г. Прыход зарэгістраваны 23 кастрычніка 2003 г.
Храм Святой вялікамучаніцы Анастасіі Узорэшыцельніцы. Узвядзенне царквы ў вёсцы Бычыха Гарадоцкага раёна было пачата вясной 2010 г. Раней у вёсцы царквы ніколі не было. Будаўніцтва вялося на ахвяравання, мецэнатам выступіла ўраджэнка вёскі, цяпер жыхарка Масквы, Анастасія Пятроўна Асіціс. На месцы царквы калісьці стаяў дом яе бабулі. Благаславенне на будаўніцтва даў Мітрапаліт Філарэт. Было прынята рашэнне пабудаваць храм у стылі праваслаўнага дойлідства XIII-XVI стагоддзяў. Работу вялі мінскія будаўнікі.
Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца в. Вярэчча. Прыход зарэгістраваны 18 чэрвеня 2009 г. Для размяшчэння храма перададзены адзін з будынкаў населенага пункта.
Храм Ушэсця Гасподняга в. Кабішча. Храм пабудаваны ў пачатку 19 стагоддзя. У часы багаборніцтва выкарыстоўваўся пад склад. У 1990 годзе быў перададзены праваслаўнай царкве і быў адноўлены. Пры храме ёсць царкоўны дом. Прыход зарэгістраваны 2 сакавіка 1998 г.
Храм Святога Архангела Міхаіла в. Шчотнікі. У 2007 г. адміністрацыяй раёна пад размяшчэнне храма быў перададзены жылы дом. Пасля ён быў рэканструяваны і пераабсталяваны. Усталяваны купал, званіца. Прыпісаны да храма Святой Жываначальнай Троіцы г. Гарадка.
Храм святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны в. Халамер’е. Прыпісаны да храма Успення Прасвятой Багародзіцы г.п. Езярышча. Быў створаны ў 2003 г.
Храм Ушэсця Гасподняга в. Хвошна. Царква пабудавана ў канцы XVIII ст., у 30-я гг. XX ст. была зачынена. На працягу 65 гадоў храм не дзейнічаў, а ў пасляваенны час выкарыстоўваўся ў якасці склада для захоўвання калгаснага збожжа.
Храм Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага Цудатворца в. Село. У 2007 г. пачата будаўніцтва драўлянага храма. З 2011 г. пачалі здзяйсняцца рэгулярныя набажэнствы. Храм пабудаваны да 2013 г. Прыпісаны да храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага Цудатворца д. Зарэчча.
Храм святога велікамучаніка лекара Панцеляймона в. Рамні. Абшчына прайшла рэгістрацыю 17 мая 1994 г.
Храм святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага в. Прудок. Драўляны храм пабудаваны па ініцыятыве камандавання вайсковай часткі, знаходзіцца на яе тэрыторыі. Прыпісаны да храма апостала Андрэя Першазванага г. Гарадка. 7 красавіка 2005 г. была здзейснена першая Боская Літургія.
Храм святога Васіля Блажэннага в. Пальмінка. Абшчына прайшла рэгістрацыю ў 2001 г. У снежні 2001 г. КУХПП “Паўночны” перадаў абшчыне будынак плошчай 470 м2 былога сельсавета.
Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца в. Мяжа. У вёсцы раней існаваў Свята-Мікалаеўскі храм, знішчаны ў савецкі час. У 2007 г. пад будаўніцтва храма быў перададзены будынак былога магазіна.
Храм Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага Цудатворца в. Зарэчча. Прыход зарэгістраваны 18 чэрвеня 2009 г. Пад будаўніцтва храма быў перададзены будынак былога магазіна.
Храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца в. Вышадкі Гарадоцкага раёна (малітоўны пакой). Прыход зарэгістраваны 14 сакавіка 1994 г.
Храм Уладзімірскай іконы Божай Маці д. Вархі. Прыход зарэгістраваны 22 лістапада 2001 г.

Літаратура:

Городокское благочиние / Витебская епархия [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://vitprav.by/category/khramy-blagochinijj/gorodokskoe-blagochinie. - Дата доступа: 3.05.21.
История Витебской епархии / Официальный портал Белорусской православной Церкви [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://church.by/belorusskiy-ekzarhat/istorija-vitebskoj-eparhii. - Дата доступа: 3.05.21.
История Полоцкой епархии / Официальный портал Белорусской православной Церкви [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://church.by/belorusskiy-ekzarhat/polockaja-eparhija-istorija. - Дата доступа: 3.05.21.
Памяць: Гарадоцкі раён / укл. С. І. Садоўская; рэд. кал. Н. А. Бурунова і інш. – Мінск : Беларусь, 2004. – 894 с.
Религия / Городокский районный исполнительный комитет [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://gorodok.vitebsk-region.gov.by/ru/religia-ru. - Дата доступа: 3.05.21.
Якімаў, В. В. Азярышча / В. В. Якімаў. – Наваполацк : А. У. Маладзечкін, 2019. – 140 с.
Яковлева, С. Хранимые церквями уголки / С. Яковлева // Гарадоцкі Веснік. - № 19. – 11 сакавіка. – 2017. – С. 5.
Яковлева, С. Хранимые церквями уголки / С. Яковлева // Гарадоцкі Веснік. - № 42. – 10 чэрвеня. – 2017. – С. 5.
Яковлева, С. Хранимые церквями уголки / С. Яковлева // Гарадоцкі Веснік. - № 61. – 19 жніўня. – 2017. – С. 5.

Вверх