Print this page
Пятніца, 11 Жнівень 2017 11:15

ЛІПА ЛЯ МАТЧЫНАЙ ХАТЫ

Written by
Rate this item
(0 votes)

ЛІПА ЛЯ МАТЧЫНАЙ ХАТЫ

Калі шкраблося

Ў выцвілы франтон

Даждлівым днём

Аголенае сучча,

Мне ліпа нагадала камертон,

А восень –

Нот зажураных сугучча.

 

Увасабленне смутку

І тугі,

Калі вароны каркаюць

Над ганкам, -

Наладжваецца ліпа

На другі,

На больш мажорны тон

Вясковым ранкам.

 

Як на суку

Спяваецца шпаку

Ў красавіку –

Ніводнай сумнай ноты!

У маі

Жыццядайнае «ку-ку»

Ўплятаецца

Ў зялёны шум лістоты.

 

Адсалавее чэрвень кагадзе,

А ўжо ляцяць

На дух мядовы

Пчолы.

І басавіта

Цэлы дзень гудзе

Ля хаты

Камертон зялёначолы.

 

А прыйдзе

Час халодных завірух,

Аблепіць снег

Кусты і аканіцы –

З сівых галін

Страсуць настылы пух

І жаласна зацінькаюць

Сініцы.

 

Успомніцца с сумотаю,

Як сон,

Напеў,

Што ў светлым маі выспявае.

І днём і ноччу

З ліпай ва ўнісон

Сягоння

Сэрца матчына спявае.

 

Спявай,

Не аціхай,

Мой камертон,

Ні веснавой,

Ні восеньскай парою.

І ведай –

Ліру на патрэбны тон

Я без цябе

Ніколі не настрою.

Read 538 times Last modified on Пятніца, 11 Жнівень 2017 11:15
Администратор

Latest from Администратор

Login to post comments