Вербы ніцыя загайдаць
Лёгкі ветрык імкнецца…
Магчыма,
Я нарэшце змагу разгадаць
Іх трывожныя сны,
Радзіма.
Працінае блакіт нада мной
З раскудзеленай ніткай шаршатка.
Дзе злучаецца неба з зямлёй,
Днее Лосвіда,
Як разгадка.
Утапілі ў ім землякі
Перажытае…
І сягоння,
Пэўна, выцягнуць рыбакі
Штык ці ківер
З яго прадоння.
*
Майскі сад
Ад квецені русявы,
Ярыной калышуцца палі…
Нашы продкі –
Глебы, Яраславы –
Сейбітамі дбайнымі былі.
Нічые пасевы не травілі,
Не глядзелі крыва,
Як сычы,
І душой ніколі не крывілі,
Хоць мянушку мелі –
Крывічы.
Аб сваёй адвазе не крычалі,
Праўду смела рэзалі
Услых.
І з якой прычыны крывічамі
Нечакана ахрысцілі іх?
Мо таму,
Што гнула гора спіны
Нашых продкаў –
Млынароў,
Ткачоў?
Што былі пахілыя хаціны
І крывыя сохі ў крывічоў?
Ад прыблудаў
З душамі крывымі
Продкі родны бераг бераглі.
І крыві праліта
Столькі імі,
Што інакш назваць іх не маглі.
*
Свой транзістар, зямляк,
Прыглушы –
Я ўглядаюся ў плёс ясназоры.
Вочы –
Гэта люстра душы,
Вочы нашай зямлі –
Азёры.
На хвіліну-другую замры
І парадуйся па-чалавечы,
Што ў вачах нашай роднай зямлі
І ў тваіх
Сёння столькі сінечы.
А было,
Напаўзалі хмары –
Прусы,
Шведы,
Французы,
Татары, -
Позірк нашай зямлі хмурнеў,
Хвалі дыбіў на Лосвідзе гнеў.
А было,
На зямлі маёй,
Быццам свечкі,
Гарэлі хаты –
Зяцякалі вочы крывёй,
Наліваліся прагай адплаты.
Ціхім вечарам карны атрад
Наляцеў на лясны закутак –
Шматпакутнай зямлі пагляд
Раніцой затуманіў смутак.
Каты хлопчыка аблілі
На марозе вадой халоднай –
Вочы нашай святой зямлі
Зледзянелі
Ў журбе безвыходнай…
Час мінуўся жахлівы той,
Бот чужацкі не топча пашы.
Зноўку свецяцца дабратой
Вочы роднай зямлі
І нашы.
*
Цягнік ля Лосвіда праходзіць –
Не адарвуся ад акна.
Скрозь беларуская сасна
З бярозай рускай карагодзіць.
Да слёз расчулены,
Зацяты –
Я маці абдыму сваю
І песню рускую спяю
Пад столлю беларускай хаты.
На багуны і верасы я
Ўпаду падлёткам-жаўруком.
Тут бераг мой,
Мой родны дом,
Тут з курганоў відаць Расія.
Не грэбуе сухой скарынкай
Зямляк мой –
Вой і партызан –
І часам беларускі збан
Па-руску называе крынкай.
Зірнеш крадком
На твар дзявочы
Ля Астраўлян або Каша –
Як Русь,
Раздоліцца душа,
Як Лосвіда,
Сінеюць вочы.
Успомню разам з дружбакамі
Я незабыўны час,
Калі
Мы апантаны ўсе былі
Гульнёю рускай –
Гарадкамі.
*
Як снарады,
Рвуцца біты,
Б’юць прыцэльна ігракі.
Робяць хітрыя кульбіты
Над пляцоўкай гарадкі.
Мне ж здаецца,
Быццам нішчыць
Ненасытная біта
Гарадкі і гарадзішчы,
СТУДНІ роднага кута.
Невясёлага настрою
Не пазбыцца сёння мне,
Бо зачаста маці мрою
Я
БАБУЛЬКАЙ У АКНЕ,
Я рукамі скроні сціснуў,
А біта з налёту гак –
І ў паветры толькі свіснуў
З Гараджанкі нашай РАК.
Як табе хапіла клёку,
Як ты выжыў,
Горад мой?
Білі па табе здалёку
І наводкаю прамой.
Білі з кону
І з паўкону
З мінамётаў і гармат.
Я аглушаны да скону
Громам гэтых кананад.
Быццам птушка трапяткая,
Сэрца ўскрыліцца само,
Як ад маці
З Гарадка я
Распячатаю ПІСЬМО.
*
Хацеў пакланіцца Лосвіду –
І ўсё не было калі.
І вось я па россыпах рос іду
Праз вёсачку Баталі.
Грымотныя помніць баталіі
Прапахлае дымам сяло.
У Францыі,
У Італіі
Іх рэха чуваць было.
Пакуль залатое сяйво зара
Здзяўбці не паспела ўгары,
Давай пагаворым,
Возера,
Пагутарым, як сябры.
Калі галасілі сіверы
Над нашай зямлёй у жальбе,
Французскія шапкі,
Ківеры,
Ты помніш,
Гацілі цябе?
Скажы мне,
Чаму дазволіла
Ты выраватавальны брод
Насыпаць ардзе,
Што няволіла
І нішчыла мой народ?
Чаму ты пад майскімі зорамі
Маршчыніш сваё чало?
Зноў мучыш сябе дакорамі,
Што вельмі рахманым было?
Звініць жаўрукамі досвітак,
Святлом набрыняў небакрай.
Прашу,
Супакойся, Лосвіда,
Не вельмі сябе дакарай.
Лепш пад залатымі заранкамі
Згадай сорак трэці год,
Успенены нашымі танкамі
Напалеонаўскі брод.
Не ў маразы калядныя –
У восеньскі слотны час
Праз плёсы твае неаглядныя
Ішло Вызваленне да нас.
*
Ізноў развярэджаны раны
І сэрцы маіх землякоў,
Ізноў медалі ветэраны
Прышпільваюць да пінжакоў.
Слязьмі затуманены вочы
Сівых партызвнаў і ўдоў:
Зямлянкі і цёмныя ночы –
У песнях ваенных гадоў.
Выпростваюць крылы падранкі –
Грымотнай пары хлапчукі…
Увесь –
Да апошняй тканкі –
Я з вамі,
Мае землякі.
Я з вамі заўсёды ахвотна
І радасць,
І сум падзялю.
Гляджу з кургана я самотна
І горда
На нашу зямлю.
Запомнілі добра пачвары,
Што нас выганялі з хат,
Балючыя хвосткія ўдары
Яе партызанскіх брыгад.
Ахутвае хаты морак –
На небе хлапечых сноў
Гараць адзінаццаць Зорак
Адважных яе сыноў…
З дачкой
У маўчанні трывожным
Стаім перад Вечным агнём…
Хваль Лосвіда
Асцярожна
Кранаецца чайка крылом.