Нарадзіўся 7 чэрвеня 1939 года ў горадзе Віцебску ў сям’і служачага. Разам з маці ў 1943-45 гг. быў вывезены фашыстамі ў працоўныя лагеры ў Лібаву (цяпер г. Ліепая, Латвія) і Бромберг (цяпер г. Быдгашч, Польшча). У 1946 - 1956 гады вучыўся ў сярэдняй школе № 2 г. Гарадка. Закончыў Рыжскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі (1961).
Працаваў па спецыяльнасці ў Мінскім аэрапорце, у Беларускім упраўленні грамадзянскай авіяцыі. У 1982-1987 гг. - намеснік дырэктара Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі. З сакавіка 1987 г. на творчай рабоце.
У друку ўпершыню выступіў у 1955 годзе ў газеце “Піянер Беларусі” з вершам “Першы яблык”. Уладзімір Скарынкін – аўтар зборнікаў лірыкі: “Буслы над аэрадромам” (1969); “Гукавы бар’ер”; “Дазвольце ўзлёт (1975); “Чацвёрты разварот” (1979); “Вугал атакі” (1983); “Пасадачныя агні” (1985); “Выратавальны плыт” (1988); “Размова на парозе” (1991); “Лосвіда” (1993); “Апошняе слова” (1994).
Аўтар паэм “Насустрач веку”, “Сляпы дождж”, “Высокае сонца”, “Узнясенне”, “Астральны знак Францыска”.
Уладзімір Скарынкін - аўтар перакладаў кнігі вершаў Мікалая Рубцова “Рускі агеньчык” (1986), паэмы Дантэ “Боская камедыя” (1998), Джорджа Байрана “Дон Жуан” і “Прароцтва Дантэ” (2004), зборніка вершаў Міколы Вінграноўскага “Украінскі прэлюд” (1999).
Напісаў тры кніжкі для дзяцей: “Канікулярная ангіна” (1991); “Падарожжа ў Крайшарад” (1993); “У карэце па белым свеце” (2000). У яго творах адчуваецца асаблівая павага да гісторыі свайго народа, да бацькоўскай зямлі, Віцебшчыны і яе працавітых людзей. Часта ўяўленне пераносіць паэта ў абпаленае вайной дзяцінства, да цяжкіх дзён, што прайшлі ў фашысцкай няволі. Патрыятычныя пачуцці, гераізм беларускага народа ў гады ваеннага ліхалецця, любоў да працы і роднага краю – усё гэта падаецца натуральна, нязмушана.
Творы У. Скарынкіна перакладаліся на рускую і ўкраінскую мовы.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы (2001) і Нацыянальнай прэміі Італіі за пераклады (1999).
Жыве ў Мінску.
"Я беларускаму малюся слову"
/прэзентацыя, прысвечаная жыццю і творчасці Ўладзіміра Скарынкіна/